Вы тут

Палонны салдат Ізраіля мае права ўсіх здаць? Насамрэч не. Абвяргаем вядомы мем

Баец ЦАХАЛ / прэс-служба Войска абароны Ізраіля

Пасля "інтэрв'ю" Рамана Пратасевіча дзяржканалам па сацсетках пачалі распаўсюджваць "статут" ізраільскага салдата, які трапіў у палон. Нібыта баец Войска абароны Ізраіля (ВАІ) мае права здаць усе таямніцы і ўвогуле мусіць прыкладаць усе намаганні, каб застацца ў жывых.

"Салдат — матэрыяльная маёмасць войска, яго задача выжыць. Задача дзяржавы — яго выратаваць", — сказана ў мемным тэксце пра гэта, які гуляе па сацсетках. Пакуль псеўдастатут запаўняе стужкі "Фэйсбука", у тэматычных пабліках Ізраіля стомлена ўздхаюць: "Ну, зноў...".

Еўрарадыё распытала пехацінца ВАІ пра тое, што на самай справе статут загадвае рабіць захопленаму ў палон салдату.
 

"Палону, хутчэй за ўсё, не будзе"

— Я такія байкі чуў, калі прызываўся ў войска. Але ў войску нам нічога такога не казалі, дый мы асабліва не цікавіліся. Нам убіваюць у галовы, што ў выпадку захопу салдата актывуецца пратакол "Ганібал". І тады палону, хутчэй за ўсё, не будзе. Простымі словамі: жывымі да палону мала хто дойдзе, — расказаў Еўрарадыё пехацінец Войска абароны Ізраіля Томмі Б.

Ганібал пераходзіць праз Альпы

Дырэктыва "Ганібал" названая па імі карфагенскага палкаводца Ганібала Баркі. Ён палічыў за лепшае пакончыць з жыццём, але не трапіць у палон да рымлянаў.

Дырэктыва з'явілася ў 80-х у паўднёвым Ліване: тады пачаліся выкраданні ізраільскіх вайскоўцаў. Ваеннае кіраўніцтва склала план "Ганібал".

Змест інструкцыі засакрэчаны, але яе сутнасць зводзіцца да таго, што ўсе наяўныя сілы павінны неадкладна ўдарыць па групе выкрадальнікаў. Дапускаецца прымяненне любых сродкаў: нават коштам ранення або смерці выкрадзенага салдата яго трэба адбіць.

Улетку 2014 года ў сектары Газа праводзілася антытэрарыстычная аперацыя "Непарушная скала". Вайскоўцы Ізраіля вымушаныя былі звярнуцца да дырэктывы "Ганібал", у выніку адзін вайсковец загінуў.
 

Але жывы салдат у палоне ўсё роўна лепш

У інструкцыі асаблівая ўвага аддадзена таму, як менавіта і якія менавіта падраздзяленні павінны дзейнічаць. І таму яна засакрэчаная.

Дзяўчына-баец з ізраільскага войска / прэс-служба ЦАХАЛ

Але ў інтэрв'ю ў 2014 годзе складальнік этычнага кодэкса Войска абароны Ізраіля прафесар Аса Кашэр каментаваў некаторыя спрэчныя моманты гэтай дырэктывы.

"Па інструкцыі ЦАХАЛ мае права весці агонь па выкрадальніках, што падводзіць пад небяспеку і выкрадзенага. Аднак гэта дапускаецца толькі ў тых выпадках, калі рызыка гібелі выкрадзенага салдата не вельмі вялікая і ўжо вядома не тады, калі гэта рызыка немінучая. Цана жыцця вайскоўца пераўзыходзіць небяспеку яго выкрадання. Калі дакладней — лепш жывы салдат у палоне, чым мёртвы ў нас", — тлумачыў тады Кашэр.

Тым не менш дырэктыву многія крытыкавалі. І ў 2017 годзе "Ганібала" замянілі новымі правіламі.

Згодна з імі, вайскоўцы маюць права прымяняць "непрапарцыйную сілу ў дачыненні да выкрадальнікаў", а таксама адкрываць агонь у бок ізраільскай тэрыторыі, калі выкрадальнікі і выкрадзены рухаюцца наперад у гэтым кірунку.
 

А калі ўсё ж палон?

— Фармальна салдат абавязаны паведаміць (калі яго спытаюць) толькі свае прозвішча, імя, імя па бацьку, нумар пасведчання, званне і дату нараджэння. Усе астатнія дэталі забараняецца паведамляць, — тлумачыць суразмоўца Еўрарадыё Томмі. — Можа, у нейкіх падраздзяленнях існуюць і свае пэўныя правілы, але гэты статут распаўсюджваецца на ўсё войска.

Вытрымка з загада генштаба, гэты тэкст рэгламентуе правілы паводзінаў у палоне

Усё гэта прапісана ў афіцыйным загадзе генштаба. З ім вайскоўцаў знаёмяць спачатку ў час праходжання курса маладога байца, а потым раз на год замацоўваюць.

Тэкст загада сфармаваны з упорам на Жэнеўскую канвенцыю ад 1949 года аб абыходжанні з ваеннапалоннымі. Але ёсць у ім і ўласнае патрабаванне ВАІ.

Баку, які ўтрымлівае, забараняецца здабываць звесткі сілай:

"Ніякія фізічныя або маральныя катаванні і ніякія іншыя меры прымусу не могуць прымяняцца да ваеннапалонных для атрымання ад іх якіх-небудзь звестак. Ваеннапалонным, якія адмовяцца адказваць, нельга пагражаць, абражаць іх або ўжываць якія-небудзь пераследы або абмежаванні", — гаворыцца ў тэксце загада.
 

А калі салдат пад катаваннямі ўсё раскажа — яго асудзяць?

Ізраільскі вайсковы эксперт Давід Гендэльман у час чарговай хвалі рэпостаў "статута" Ізраіля ў сацсетках растлумачыў: загад генштаба ВАІ забараняе паведамляць у палоне інфармацыю, калі гаворка не ідзе пра асабістыя звесткі.

Не "абавязвае паведамляць", як вынікае з рэпостаў у фэйсбуку, а забараняе. Не "дазваляе паведамляць", як вынікае з іншых рэпостаў, а забараняе. Але судзіць за разгалашэнне, хутчэй за ўсё, не будуць.

"За разгалашэнне могуць судзіць. Звычайна не судзяць, але бывалі выпадкі, што судзілі", — пісаў Гендэльман.

Вызваленне Гілада Шаліта / detaly.co.il

Урад Ізраіля наогул гатовы плаціць — і вялікую цану — за вызваленне салдат з палону. На сайце амбасады Ізраіля ў РФ адзначаецца, што часам адчувальнасць Ізраіля да страт сваіх людзей успрымаюць як уразлівасць.

Вядомая гісторыя вызвалення з палону сяржанта ВАІ Гілада Шаліта. Ён прабыў у палоне ў баевікоў ХАМАС больш за пяць гадоў. Але ў 2011 годзе яго перадалі ізраільскім уладам у абмен на вызваленне з турмаў больш як тысячы зняволеных палесцінцаў, сярод іх былі лідары ХАМАС.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.