Студыя ZROBIM architects, куды прыходзілі сілавікі, аднавіла працу
Студыя ZROBIM architects / Probusiness.io
Кампанія ZROBIM architects аднавіла працу пасля візітаў сілавікоў. Як піша выданне "Зеркало", большасць раней затрыманых супрацоўнікаў ужо адпусцілі. Таксама стала вядома, што менавіта цікавіла сілавікоў.
Ператрусы і затрыманні ў архітэктурнай студыі адбыліся 9 і 10 красавіка. У першы дзень былі затрыманыя ўсе супрацоўнікі, якія былі ў офісе — каля 50 чалавек. Сярод іх быў і сузаснавальнік кампаніі Андрэй Макоўскі (Андрусь Bezdar). 10 красавіка на працоўныя месцы выклікалі тых, каго не было ў офісе напярэдадні, і таксама затрымалі. Паведамлялася, што следчыя дзеянні праводзіў Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю.
Тады канал сілавікоў заявіў, што нагодай для візіту стаў допіс Макоўскага ў сацсетках пра тое, што дзяржорганы вымагаюць ад іх наняць у штат ідэолага.
Крыніца выдання "Зеркало" сцвярджае, аднак, што ідэалагічныя пытанні сілавікоў цікавілі мала: "Затрыманых супрацоўнікаў пыталі пра шэрыя схемы падаткаабкладання — гэта значыць, шукалі ўхіленне ад выплаты падаткаў. Па тэме 2020 года прайшліся хутчэй па датычнай".
Таксама суразмоўца выдання сказаў, што адпусцілі амаль усіх, каго затрымлівалі 9 і 10 красавіка. Але колькі чалавек застаюцца за кратамі і хто менавіта, дакладна невядома.
Тым часам офіс студыі вярнуўся да працы. 16 красавіка там прынялі тэлефанаванне журналіста, які звярнуўся пад выглядам кліента, і пацвердзілі, што кампанія працуе.