МУС правядзе вучэнні "ва ўмовах надзвычайнага становішча"
Міліцыя / УУС Мінскага аблвыканкама
Міністэрства ўнутраных спраў пачынае камандна-штабныя вучэнні пад кіраўніцтвам кіраўніка ведамства Івана Кубракова. Яны пройдуць 24-27 лістапада. Удзел у вучэннях прымае таксама дзяржсакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч.
У МУС заяўляюць, што тэмай вучэнняў з'яўляецца "кіраванне сіламі дзяржаўнай сістэмы рэагавання пры спыненні масавых беспарадкаў ва ўмовах рэзкага абвастрэння аператыўнай абстаноўкі і ўвядзення надзвычайнага становішча".
Правяраць будуць гатоўнасць кіруючага складу да працы ў асаблівых сітуацыях. Таксама плануецца адпрацаваць алгарытмы прыняцця рашэнняў і зладжанасць ведамстваў пры выкананні пастаўленых задач.
У вучэннях прымуць удзел супрацоўнікі і вайскоўцы ўнутраных войскаў МУС, прадстаўнікі іншых сілавых структур, органаў улады.
Апошнім часам МУС і іншыя сілавыя структуры амаль пастаянна праводзяць разнастайныя вучэнні. Пры гэтым у міліцыі найчасцей трэніруюцца супрацьстаяць "масавым беспарадкам".