Лукашэнка сказаў, як даваў парады Трампу і ці лічыць сябе дыктатарам

Лукашэнка падчас інтэрв'ю

Лукашэнка падчас інтэрв'ю / прэс-служба Лукашэнкі

Аляксандр Лукашэнка заявіў, быццам рэкамендаваў Дональду Трампу, як паводзіцца на перамовах з Уладзімірам Пуціным. Прычым тэлефонная размова з Трампам у жніўні 2025 года нібыта была не першым іх кантактам.

Заява прагучала падчас інтэрв'ю французскаму часопіса Le Point, якое брала журналістка Ан Ніва. "Чаму вы лічыце, што ў першы раз? Гэта ў СМІ прагучала, мы выдалі гэта ў СМІ. Але гэта не значыць, што мы не мелі кантактаў з прэзідэнтам ЗША", — заявіў Лукашэнка.

Ён сказаў, быццам гутарка была доўгай. Падчас яе, паводле Лукашэнкі, ён абмеркаваў з прэзідэнтам ЗША пытанні Украіны і адносіны з Кітаем, а таксама стратэгію паводзінаў з Пуціным: "Я яму проста ад душы параіў поспехаў і сказаў: "Дональд, ты не спяшайся, размаўляючы з Пуціным". Хоць яны ўжо вялі перамовы, я яму парэкамендаваў, як сябе паводзіць: "Дональд, не цісні на Пуціна, гэта безвынікова". Пуцін разумее, што такое Злучаныя Штаты Амерыкі".

Лукашэнка заявіў, быццам пасля гутаркі з ім Трамп прыехаў на размову зх Пуціным і сказаў: "Я толькі што размаўляў з тваім фанатам".

Адзіная вядомыя тэлефонная гутарка Трампа з Лукашэнкам адбылася 15 жніўня 2025 года перад сустрэчай амерыканскага прэзідэнта з Пуціным у Анкарыджы.

Таксама Ан Ніва спыталася пра стаўленне Лукашэнкі да таго, што на Захадзе яго лічаць аўтакратам ці дыктатарам.

"Тое, што ў маёй палітыцы прысутнічаюць ноткі аўтарытарызму, гэта праўда. У нас улада такая. У вас таксама жорсткая сістэма ўлады. У нас — яшчэ больш жорстка. Паводле Канстытуцыі", — адказаў ён. Разам з тым Лукашэнка адмовіўся лічыць сябе дыктатарам: сказаў, што яго так абазвалі журналісты.

Карэспандэнтка Le Point спыталася таксама пра выбары 2020 года. Лукашэнка назваў "справай густу" сумневы ў сумленнасці выбараў у Беларусі:

"У вас даных, што гэта было сумленна/несумленна, няма. Акрамя "несумленных", з вашага пункту гледжання, вынікаў выбараў, пра якія ў нас законна, паводле Канстытуцыі, апавясціла Цэнтральная выбарчая камісія. Вось яны, гэтыя даныя. Іншых няма. Там сумневы нейкія, меркаванні і іншае... Але я ж дасведчаны палітык. Я да гэтага стаўлюся спакойна. Ну хочаце вы лічыць несумленнымі — ну добра", — адказаў Лукашэнка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.