Беларускія кампаніі пастаўлялі ў Расію санкцыйныя тавары — расследаванне БРЦ
Здзелкі на мільёны долараў. І гэта толькі вяршыня айсберга / Коллаж БРЦ
Тры беларускія кампаніі пастаўлялі ў Расію прадукцыю, якая трапіла пад санкцыі ЕС, піша Беларускі расследчы цэнтр (БРЦ). Гаворка ідзе пра дэталі для цягнікоў, прамысловае электраабсталяванне і аўтамабільныя падшыпнікі.
"ЕўраЭнергаСэрвіс" у 2024–2025 гадах пастаўіла ў Расію тавараў мінімум на $1,25 млн. Сярод пакупнікоў — "Ніпом", які ўказвае сярод заказчыкаў канцэрн "Алмаз-Антэй" і "Уралвагонзавод". Кампанія вазіла тавары праз Турцыю паромам, а пасля забароны з боку Турцыі — праз Іран.
Чэшская Elexim, якой належыць 90% "ЕўраЭнергаСэрвісу", заявіла журналістцы БРЦ, што больш за чатыры гады не пастаўляе ёй тавары і хоча выйсці з ліку ўладальнікаў.
"Матэхсаўтазапчасткі" з лютага 2024 года па жнівень 2025-га пастаўіла расійскай "Матэхс-Рус" заходнія тавары больш чым на $590 тыс., пераважна падшыпнікі.
Кампанія "Энергія руху" прадавала ў Расію латвійскія дэталі для цягнікоў на суму больш за $4 млн. Палова паставак адбылася пасля ўвядзення санкцый у красавіку 2022 года. З ліпеня 2023-га па кастрычнік 2024 года адзіным атрымальнікам была расійская "Крона Груп".
У распараджэнні БРЦ ёсць даныя пра пастаўкі тавараў з пераліку асноўных тавараў высокага прыярытэту. У яго ўваходзяць 50 таварных кодаў прадукцыі, якую, паводле ацэнкі ЕС і яго партнёраў, Расія імкнецца закупляць для сваіх ваенных мэт.
У расследчыкаў фігурыруюць больш за 400 беларускіх пастаўшчыкоў, а агульны кошт пастаўленых імі ў 2024–2025 гадах у Расію тавараў — $18 млн.