Сенат Чэхіі заклікаў байкатаваць матчы з камандамі з Беларусі і Расіі

Хакеісты чэшскай зборнай

Хакеісты чэшскай зборнай / Sportbox

Сенат Чэхіі выступіў супраць правядзення ў краіне спартыўных матчаў і турніраў з удзелам зборных і клубаў Беларусі і Расіі, паведамляе ČTK.

Паводле дадзеных агенцтва, Сенат таксама падтрымаў ініцыятыву Чэшскага хакейнага саюза дамовіцца з іншымі краінамі аб байкоце матчаў супраць беларускіх і расійскіх каманд. Гаворка ідзе ў тым ліку аб міжнародных турнірах за межамі Чэхіі.

Прадстаўляючы праект, сенатар Іржы Ружычка растлумачыў, якой падтрымкі чакаюць ад урада чэшскія хакеісты. Калі міжнародныя федэрацыі пагрозяць зборным або клубам санкцыямі за адмову выходзіць на лёд, сенатары просяць урад сумесна з Нацыянальным спартыўным агенцтвам забяспечыць ім "поўную прававую, дыпламатычную і фінансавую абарону".

Сенат таксама падтрымаў рашэнне чэшскіх уладаў адмаўляць ва ўездзе членам расійскіх спартыўных дэлегацый. Раней міністр унутраных спраў Чэхіі Любамір Метнар заявіў, што расійскіх спартсменаў не пусцяць у краіну, нават калі яны атрымаюць візу ў іншай еўрапейскай краіне. Гэта датычыцца і чэмпіянату свету па хакеі сярод дзяўчат да 18 гадоў, які пройдзе ў студзені ў Астраве.

Кіраўнік МЗС Чэхіі Петр Мацінка папрасіў калег з краін ЕС не выдаваць расійскім хакеістам і хакеісткам візы для ўдзелу ў турнірах.

Нагадаем, 30 кастрычніка Спартыўны арбітраж вярнуў Расію ў міжнародны хакей, што адразу выклікала хвалю супраціву сярод развітых краін Захаду.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.