СК заблакаваў папулярную ў Counter-Strike платформу — пад яе "касілі" махляры

Следчы камітэт заблакаваў папулярны сайт 

Следчы камітэт заблакаваў папулярны сайт  / pixabay.com

У Беларусі заблакавалі сайт FACEIT — гэта папулярная кіберспартыўная платформа, якой карыстаюцца аматары гульні Counter-Strike 2.

Беларускія гульцы сутыкнуліся з праблемамі 27 лістапада. Пры спробе зайсці на сайт перад імі з'яўляецца заглушка: "Доступ да інфармацыйнага рэсурсу абмежаваны на падставе рашэння ўпаўнаважанага органа Рэспублікі Беларусь".

Выявілася, што ініцыятарам блакавання стаў Следчы камітэт. У ведамстве заявілі, што сайт заблакавалі, бо... махляры ствараюць фішынгавыя падробкі пад яго.

"Апошнім часам з улікам папулярнасці рэсурсу сталі часцейшымі факты выкарыстання яго імя ў ашуканскіх мэтах. Зламыснікі ствараюць фішынгавыя спасылкі ў мэтах крадзяжу і прычынення шкоды грамадзянам Беларусі.

Па дадзеных фактах узбуджана больш за 10 крымінальных спраў. З мэтай недапушчэння далейшых супрацьпраўных дзеянняў ад імя рэсурсу следчымі аператыўна прынята рашэнне аб блакаванні ўсіх аднайменных сэрвісаў", — гаворыцца ў каментары Следчага камітэта.

Следчыя заяўляюць, што пасля разбору доступ да афіцыйнага дамену FACEIT будзе адноўлены, а заблакаванымі застануцца толькі фішынгавыя рэсурсы.

Паводле звестак самой платформы, на ёй зарэгістраваныя 34 млн гульцоў па ўсім свеце. У беларускім рэйтынгу за апошнія 30 дзён лічацца больш за 23 тысячы акаўнтаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.