У Гомелі прадаюць адразу 37 аўтамабіляў таксі

Таксоўка

Таксоўка / "БелЮрЗабеспячэнне"

Адразу 37 таксовак выставілі на аўкцыён праз сайт "БелЮрЗабеспячэнне", заўважыла выданне "Флагшток".

Гэта арыштаваная маёмасць таварыства з абмежаванай адказнасцю "Разгон", якое было афіцыйным партнёрам таксі MAXIM. гаворка ідзе аб расійскай электроннай інфармацыйнай сістэме заказу таксі.

У 2025 годзе Мінтранс Беларусі забараніў ёй працаваць у краіне, выкрыўшы незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць. Паведамлялася, што сэрвіс прымаў і перадаваў заказы праз сістэму, не зарэгістраваную ў Дзяржаўным рэестры нерэгулярных перавозчыкаў. Таксама выявілася, што заяўкі масава перадаваліся кампаніям, кіроўцы і машыны якіх працавалі нелегальна — без уключэння ў рэестр. Частка кіроўцаў, да таго ж, не мела дзяржрэгістрацыі.

Машыны гэтай кампаніі пачалі прадачваць яшчэ сёлета ў траўні. Але тады аўкцыёны былі адмененыя пастановай судовага выканаўцы. Новыя аб'явы пра масавы распродаж таксовак з'явіліся пры канцы лістапада.

На продаж выстаўленыя бюджэтныя аўто — пераважна Volkswagen і Skoda 2019-2021 гадоў выпуску. Іх прадаюць ад 1500 да 10 600 рублёў. Праўда, часта машыны разукамплектаваныя.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.