Даныя карыстальнікаў "Обращения.бел" злітыя ў інтэрнэт. Што вы можаце зрабіць
Улады спрабуюць замоўчаць гэтую сітуацыю / Unsplash
Даныя карыстальнікаў дзяржаўнага сэрвісу "Обращения.бел" зліты ў інтэрнэт. Сам партал з раніцы суботы не працуе.
Першым пра ўцечку паведаміла выданне "Люстэрка" — інфармацыю знайшлі ў папулярным тэлеграм-боце для пошуку інфармацыі пра людзей "Шэрлак". Еўрарадыё таксама знайшло зліты даныя.
У агульным доступе апынуліся прозвішчы, імёны і імёны па бацьку, адрасы, тэлефоны, электронныя пошты і ідэнтыфікацыйныя нумары (часткі карыстальнікаў). Таксама даступны да прагляду тэксты зваротаў у розныя дзяржаўныя структуры. Прымацаваныя да зваротаў фота або дакументы, мяркуючы па ўсім, не зліты — і гэта добрая навіна, бо здымкамі часта да зваротаў прыкладаюць пашпарты або іншую асабліва адчувальную інфармацыю.
Улады пра ўзлом базы "Обращения.бел" маўчаць. Тое, што сайт сэрвісу не працуе, у Міністэрстве сувязі растлумачылі тэхнічнымі прычынамі.
Дабіцца выдалення гэтых даных з тэлеграм-ботаў для "прабіву" практычна немагчыма. Зараз даступная толькі опцыя адправіць афіцыйны зварот у Нацыянальны цэнтр абароны персанальных даных. Тыя ўжо ў сваю чаргу павінны не толькі разабрацца ў прычынах уцечкі, але і прыдумаць спосабы прыбраць вашы персанальныя даныя з вольнага доступу.