У Беларусі махляры пад выглядам ДАІ рассылаюць паведамленні аб штрафах са зніжкай

Чарговы від падману

Чарговы від падману / LookByMedia

У Беларусі махляры рассылаюць у месенджарах паведамленні ад імя МУС з патрабаваннем аплаціць штрафы па лініі ДАІ са зніжкай 50%. Зламыснікі выкарыстоўваюць фішынгавыя спасылкі на рэсурсы, з дапамогай якіх крадуць даныя банкаўскіх картак карыстальнікаў.

Паводле даных праекта па кібербяспецы "КіберПул", спецыялісты выявілі больш за 100 даменаў, якія маскіруюцца пад асабісты кабінет сістэмы прыёму плацяжоў АРІП.

У рассылаемых паведамленнях грамадзянам нагадваюць аб наяўнасці непагашанага штрафу і прапануюць перайсці па спасылцы для яго пагашэння.

На падробленым сайце ад карыстальніка патрабуюць увесці рэквізіты банкаўскай карткі, уключаючы яе нумар і ахоўны CVV-код.

Для прымусу да аператыўнай аплаты ашуканцы прапануюць зніжку 50% пры пераводзе грошай на працягу сямі дзён.

Спецыялісты рэкамендуюць не пераходзіць па сумніўных спасылках, уважліва правяраць адрасы сайтаў і не ўводзіць канфідэнцыяльныя даныя на неправераных рэсурсах.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.