У Генпракуратуры задумаліся пра тое, каб прыбраць "Пагоню" з гербаў гарадоў Беларусі

Сімвал "Пагоні" ёсць на гербе Магілёва і не толькі

Сімвал "Пагоні" ёсць на гербе Магілёва і не толькі / Могилев.онлайн

Генеральная пракуратура прапанавала правесці рэвізію рэгіянальнай сімволікі. Прадстаўнік ведамства Алег Русецкі звярнуў увагу на гербы гарадоў, дзе ёсць "Пагоня".

"Геральдычныя сімвалы — гэта не проста атрыбутыка. Яны служаць выражэннем ідэй і сэнсаў, непасрэдна ўздзейнічаюць на свядомасць і паводзіны грамадзян. Іх выявы, сфарміраваныя ў адрыве ад рэчаіснасці і без уліку дзяржаўнай ідэалогіі, могуць служыць прычынамі і ўмовамі экстрэмізму. Сёння ўяўляецца неабходнай рэвізія рэгіянальнай сімволікі з улікам замацаваных Дырэктывай кіраўніка дзяржавы №12 асноў і патрабаванняў нацыянальнай ідэалогіі", — заявіў ён.

Сакратар Геральдычнай рады пры Лукашэнку Алег Стрэнькоўскі заявіў аб недапушчальнасці выкарыстання афіцыйных сімвалаў у экстрэмісцкіх мэтах. 

"Выкарыстанне геральдычных сімвалаў павінна быць строга рэгламентавана. Мы бачым спробы дыскрэдытацыі афіцыйных сімвалаў. І гэта патрабуе адэкватнага прававога рэагавання", — адзначыў ён.

Выява "Пагоні" ёсць на гербах шэрагу беларускіх гарадоў, сярод якіх Магілёў, Лепель, Рэчыца і Верхнядзвінск.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.