Лукашэнка хоча павялічыць пенсіі сілавікам
Лукашэнка і вайскоўцы / president.gov.by
У Беларусі плануецца павысіць пенсіі вайскоўцам.
Адпаведны законапраект унясуць у Палату прадстаўнікоў па рашэнні Лукашэнкі, паведамляе ягоная прэс-служба.
Неабходнасць павялічыць пенсію для асобных катэгорый вайскоўцаў па дасягненні імі агульнавызначанага пенсійнага ўзросту тлумачыцца "дадатковай матывацыяй да службы і ў якасці стымулюючай меры".
"Забеспячэнне нацыянальнай бяспекі застаецца безумоўным прыярытэтам дзяржаўнай палітыкі, патрабуе пастаяннай увагі і сістэмнага падыходу. Важнай часткай гэтай стратэгіі з'яўляецца стварэнне дастойных умоў для службы і павышэнне сацыяльнай абароненасці людзей у пагонах", — адзначаюць у прэс-службе.
У дзяржсакратарыяце Савета бяспекі ўдакладнілі, што змены закрануць не толькі вайскоўцаў, але і іншых сілавікоў — супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, Следчага камітэта, Дзяржкамітэта судовых экспертыз, МНС і органаў фінансавых расследаванняў.
Павышэнне пенсій чакае тых, хто займае кіруючыя пасады на розных узроўнях — ад тэрытарыяльных падраздзяленняў да цэнтральных апаратаў ведамстваў. Прыбаўку яны змогуць атрымаць, калі дасягнуць агульнавызначанага пенсійнага ўзросту — 63 гадоў для мужчын і 58 гадоў для жанчын.