Калеснікава абвергла словы Ціханоўскага пра свой удзел у аб'яднаным штабе
Марыя Калеснікава / Еўрарадыё
Сяргей Ціханоўскі заклікае рэфармаваць дэмакратычныя сілы і стварыць аб'яднаны штаб замест Офіса Ціханоўскай. 24 лістапада ён апублікаваў відэа, у якім заявіў, што ўжо дамовіўся пра ўдзел у праекце лідараў пратэстаў 2020 года. У прыватнасці ён назваў Віктара Бабарыку і Марыю Калеснікаву.
"Я абтэлефанаваў усіх — усе згодныя. Час і месца абярэм. Усе згодныя, акрамя Святланы, офіс супраць. Мы пачакаем. Але нядоўга. Пару дзён", — заявіў блогер.
У каментары "Зеркалу" Калеснікава абвергла словы Ціханоўскага пра сваю згоду на такі ўдзел: "Я з павагай стаўлюся да розных ініцыятыў, накіраваных на супрацоўніцтва. Разам з тым ніякіх дамоўленасцяў пра мой удзел у аб'яднаным штабе няма. Лічу, што сёння асабліва важна падтрымліваць адзін аднаго, паважаць розныя пазіцыі, знаходзіць агульныя падыходы і магчымасці для сумеснай працы".
Калеснікава заявіла, што плануе дзейнічаць самастойна і не бачыць неабходнасці ў адзінай структуры.
Прэс-сакратар Бабарыкі Глеб Герман пацвердзіў, што размова з Ціханоўскім пра неабходнасць рэформы ў дэмакратычных сілах была. Але адбылася яна яшчэ ўлетку, без усялякай канкрэтыкі. Пасля таго да гэтай тэмы не вярталіся.