У Польшчы не плануюць падаўжаць замарозку тэрмінаў разгляду спраў аб ДНЖ
Дакументы беларуса ў Польшчы / mm-biuro.pl
У Польшчы не плануюць падаўжаць дзеянне артыкула 100D спецзакону аб дапамозе ўкраінскім уцекачам, які фактычна замарозіў тэрміны разгляду легалізацыйных спраў. Гэта вынікае з адказу намесніка дырэктара Дэпартамента кантролю Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Роберта Кукелкі на петыцыю аб'яднання Ruch Solidarności Białoruskiej, піша выданне MOST.
"Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі ў цяперашні час не вядзе і не плануе весці заканадаўчую працу, накіраваную на падаўжэнне тэрміну дзеяння [гэтых мер]", — гаворыцца ў лісце.
Артыкул быў уключаны ў спецзакон аб дапамозе грамадзянам Украіны ў 2022 годзе. Падчас яго дзеяння заявы аб дазволе на жыхарства разглядаюцца і рашэнні па іх выносяцца, аднак чыноўнікаў не караюць за парушэнне часавых лімітаў. У выніку разгляд справаў нярэдка расцягваецца на нявызначаны тэрмін.
Гэтая мера закранула не толькі ўкраінцаў, але і ўсіх замежнікаў у Польшчы. Яна мусіла дзейнічаць часова, але пастаянна падаўжалася. Апошнім разам — да 4 сакавіка 2027 года.