Пад санкцыі ЕС трапіць мінская кампанія — распрацоўшчык дронаў

Еўрасаюз, ілюстрацыйнае фота

Еўрасаюз, ілюстрацыйнае фота

У 22-і пакет санкцый ЕС супраць Расіі за вайну ва Украіне прапануецца ўключыць мінскую кампанію "БТС Глобал", якая распрацоўвае беспілотнікі, і яе ўласніка Юрыя Сярых. Пра гэта перадае Радыё Свабода са спасылкай на інфармаваныя крыніцы ў Бруселі.

40-гадовы Юрый Сярых — адзіны ўласнік і канчатковы бенефіцыяр "БТС Глобал". Раней ён быў афіцэрам КДБ і служыў у Аперацыйна-аналітычным цэнтры пры Лукашэнку.

Кампанію "БТС Глобал" зарэгістравалі ў Мінску ў 2018 годзе. Яна распрацоўвае беспілотныя сістэмы, прыдатныя для вайсковага выкарыстання. У спісе яе прадукцыі — шматфункцыйная беспілотная авіясістэма Juliet для пошуку цэляў, іх выяўлення і дакладнага цэлеўказання.

У праекце 22-га пакету санкцый гаворыцца, што "БТС Глобал" атрымала інстытуцыйную падтрымку Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта ў сувязі са сваімі эксперымэнтальнымі распрацоўкамі. Гэтая падтрымка мусіла спрасціць імпарт кампанентаў і запчастак для дронаў.

Каб санкцыі набылі моц, іх павінны аднагалосна ўхваліць краіны — чальцы ЕС. Мяркуецца, што 22-і пакет ухваляць да калядных вакацыяў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.