Актрыса, якая плакала перад Лукашэнкам, аказалася незапатрабаванай
Вольга Няфёдава / "Пул Первого"
Актрыса Вольга Няфёдава аказалася незапатрабаванай у Купалаўскім тэатры. Гэта заўважыла выданне "Зеркало".
Няфёдава стала мастацкай кіраўніцай Купалаўскага пасля сыходу большай часткі трупы ў 2020 годзе. Некалькі гадоў яна кіравала тэатрам, а ў сакавіку 2026-га яе замяніў на пасадзе расіянін Дзмітрый Акімаў.
Пасля гэтага ў Купалаўскім адбыліся тры прэм'еры ("Замак Альшанскі", "сэрца на далоні" і "Мая першая Ева"). Аднак ні ў адной з пастановак для Няфёдавай ролі не знайшлося, хоць Купалаўскі тэатр адчувае дэфіцыт кадраў.
Апошняя прэм’ера з яе ўдзелам адбылася ў снежні 2025 года, калі яна яшчэ займала кіраўнічую пасаду.
Паводле звестак "Зеркала", апошнім часам артыстка вярнулася да здымак у расійскіх серыялах. У 2026-м яна папрацавала ў праектах "Выгоцкі", "Далёка да Масквы" і "Партызаны". Там яна выконвала эпізадычныя ролі, а ў "Выгоцкім" яе персанаж і зусім безыменны — проста "нянька".