Без жылля, страхоўкі і абароны — як жывуць цяжарныя мігранткі ў Беларусі
Марыям Сума ў Гвінеі, 29 снежня 2025 года / AFP
Праваабарончая арганізацыя Human Constanta даследавала становішча цяжарных жанчын з афрыканскіх краін, якія апынуліся ў Беларусі на шляху ў Еўрасаюз.
Еўрарадыё азнаёмілася з дакладам “Цяжарнасць ва ўмовах абмежаванага выбару” і расказвае пра галоўныя праблемы, з якімі сутыкаюцца гэтыя жанчыны.
Беларуская пастка
Даследаванне грунтуецца на апытанні 15 жанчын з краін Афрыкі на поўдзень ад Сахары ва ўзросце ад 21 да 30 гадоў, якія прыляцелі ў Беларусь, каб патрапіць праз мяжу ў Еўрасаюз. На момант апытання 14 з іх былі цяжарнымі. Большасць даведалася пра цяжарнасць ужо пасля прыезду ў Беларусь. Апытанне праводзілася з сакавіка па верасень 2026 года.
Жанчыны расказваюць пра ночы на вуліцы, вакзалах, у залах чакання і пад'ездах, калі не маглі аплачваць жыллё. Мінскі дзяржаўны цэнтр часовага знаходжання асоб без пэўнага месца жыхарства адмовіў у дапамозе замежным грамадзянам.
Два цэнтры для шукальнікаў міжнароднай абароны ў Беларусі разлічаны максімум на 56 чалавек, а патрапіць туды можна толькі з афіцыйна зарэгістраваным хадайніцтвам.
Некаторыя жанчыны сутыкаліся са згвалтаваннямі, у тым ліку падчас бяздомнасці і пасля вяртання з латвійскай мяжы. Дзве ўдзельніцы даследавання звязваюць сваю цяжарнасць іменна з сексуальным гвалтам.
Адна з жанчын, якая жыла ў знаёмых, сутыкнулася са спробай згвалтавання, недахопам ежы і прымусам да неаплатнай працы. У некаторых выпадках гаспадары жылля абмяжоўвалі іх перамяшчэнне, каб не прыцягваць увагу міліцыі і міграцыйных органаў.
Замежнікі ў Беларусі павінны мець медыцынскую страхоўку, якая пакрывае толькі экстранную дапамогу. Вядзенне цяжарнасці, аналізы і лекі трэба аплачваць самастойна. З 13 апытаных жанчын дзевяць не мелі дзеючай страхоўкі.
Жанчыны баяцца звяртацца ў міліцыю і бальніцы праз рызыку затрымання і дэпартацыі. Пасля ліквідацыі незалежных НДА ў 2020 годзе магчымасцей атрымаць гуманітарную і праваабарончую дапамогу стала значна менш.
У дакладзе таксама апісаны выпадак грамадзянкі Гвінеі Марыям Сума, якую пасля родаў і затрымання дэпартавалі, а яе нованароджаная дачка засталася ў беларускім доме дзіцяці. Дзяўчынку ўдалося вярнуць маці праз дзесяць месяцаў з дапамогай UNICEF.
На фоне гэтага расце колькасць зваротаў па польскую працэдуру абароны. З 27 сакавіка 2025 года Польшча абмежавала прыём такіх заявак на мяжы, але пакінула выключэнне для цяжарных жанчын. За першы год дзеяння нормы прынялі 47 заяў, а з сакавіка па чэрвень 2026 года — яшчэ 32.