На мяжы Латвіі і Беларусі — новы ўсплёск міграцыйнай актыўнасці
На мяжы / Reuters
Латвія зафіксавала рэзкі рост спробаў незаконнага перасячэння мяжы з боку Беларусі. За 23 кастрычніка памежная служба краіны зарэгістравала 50 такіх выпадкаў. Гэта найвышэйшы сутачны паказчык з 10 кастрычніка, калі было зафіксавана 58 спробаў.
У апошнія тыдні колькасць спробаў вагалася: ад чатырох за суткі 14 кастрычніка да 39 — 22 кастрычніка. Ад пачатку гэтага месяца латвійскія памежнікі спынілі ўжо 696 спробаў незаконнага перасячэння мяжы. Найбольшая колькасць за суткі — 95 — была зафіксаваная 4 кастрычніка.
З пачатку 2026 года латвійская памежная служба зарэгістравала амаль 12,4 тысячы такіх спробаў. Гэта на 12,8% больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.
На латвійскі ўчастак мяжы прыпадае 84,7% усіх спробаў незаконнага перасячэння з Беларусі на тэрыторыю Еўрасаюза. На літоўскі ўчастак — 12%, на польскі — 3,3%.
Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі з краінамі Еўрасаюза працягваецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх краін называюць яго "гібрыднай атакай", арганізаванай Мінскам і Масквой.
Аляксандр Лукашэнка раней заяўляў, што беларускія памежнікі не будуць спыняць мігрантаў, якія накіроўваюцца ў Еўрасаюз праз Беларусь. Ён сцвярджаў, што краіны ЕС самі запрашаюць мігрантаў, адначасова ўводзячы санкцыі супраць Мінска.