У Афрыцы ад верасня ідзе вайна паміж “Ісламскай дзяржавай” і “Аль-Каедай”

Баевікі "Джамаат Нусрат аль-Іслам валь-Муслімін" у Буркіна-Фасо

Баевікі "Джамаат Нусрат аль-Іслам валь-Муслімін" у Буркіна-Фасо / Global Initiative Against Transnational Organised Crime

У Афрыцы ад верасня ідзе вайна паміж “Ісламскай дзяржавай” і “Аль-Каедай”. Пра гэта піша Financial Times. Выданне называе вайну "таемнай", бо пра яе амаль няма інфармацыі. 

Гаворка ідзе пра жорсткі сутыкненні груповак “ІД” і “Джамаат Нусрат аль-Іслам валь-Муслімін”, якая лічыцца філіялам “Аль-Каеды”. Баі з удзелам вялікай колькасці баевікоў адбываюцца на памежжы Малі, Буркіна-Фасо і Нігера, дзе ўладу захапілі вайсковыя хунты, якія падтрымлівае Расія.

Абедзве групоўкі маюць значныя фінансавыя рэсурсы, у тым ліку дзякуючы выкупам за закладнікаў — гаворка ідзе пра мільёны долараў. Таму ніводны з бакоў пакуль не дэманструе прыкметаў аслаблення.

Аналітыкі мяркуюць, што барацьба, наадварот, узмацняе абедзьве арганізацыі.

"Гэтая барацьба спрыяла іх росту, а не паслабленню", — лічыць эксперт па Заходняй Афрыцы Хені Нсаібія з арганізацыі ACLED, якая займаецца маніторынгам канфліктаў. На яго думку, барацьба груповак "падштурхоўвае іх да далейшай мабілізацыі, павелічэння колькасці навабранцаў, далейшай экспансіі і, у канчатковым ліку, да яшчэ больш вострай канкурэнцыі".

У Афрыцы групоўкі даўно. "Аль-Каеда" — каля 20 гадоў. "ІД" — каля 10-ці. І тыя, і іншыя змагаюцца за новых рэкрутаў, тэрыторыі і рэсурсы. Супернічаюць арганізацыі і ў ідэалагічным плане. Калі “Аль-Каеда” спрабуе заручыцца падтрымкай мясцовага насельніцтва і супрацоўнічае з іншымі ўзброенымі групамі, то “Ісламская дзяржава” робіць стаўку на гвалт і спрабуе з яго дапамогай стварыць свой халіфат.

Вынік гэтай вайны можа істотна змяніць сітуацыю ва ўсім рэгіёне. 

"Яны хочуць зжэрці адзін аднаго", — лічыць эксперт па абедзвюх тэрарыстычных арганізацыях Васім Наср з Цэнтра Суфана ў Нью-Ёрку. — Калі "Ісламская дзяржава" атрымае перамогу, для краін рэгіёну сітуацыя кардынальна зменіцца, а калі "Джамаат" умацуе свае пазіцыі, гэта стане яшчэ большым выклікам як у вайсковым, так і палітычным плане".

Наср дадае, што краіны Сахеля (афрыканскі рэгіён паміж пустыняй Сахара на поўначы і вільготным саванамі на поўдні. — рэд.) і іх паўднёвыя суседзі павінны падрыхтавацца да абодвух сцэнароў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.