Каля аэрапорта Лейпцыга знайшлі трэці беспілотнік і выбухоўку

Чарговы беспілотнік з выбухоўкай знайшлі ў Лейпцыгу

Чарговы беспілотнік з выбухоўкай знайшлі ў Лейпцыгу / BILD

У нямецкім Лейпцыгу побач з аэрапортам выявілі трэці беспілотнік і каля 50 грамаў магутнага выбуховага рэчыва гексагену. Апарат знайшлі 14 жніўня на полі непасрэдна каля заходняй часткі аэрапорта.

Першы беспілотнік з выбухоўкай выявілі ў аэрапорце 4 жніўня. Мяркуецца, што дрон мусіў атакаваць украінскі вайскова-транспартны самалёт. Аднак выбуху не адбылося, бо не спрацаваў дэтанатар на дроне.

У тую ж ноч другі беспілотнік, як мяркуюць следчыя, мог сутыкнуцца з грузавым самалётам DHL. На хваставой частцы самалёта пазней выявілі пашкоджанні.

Следства разглядае версію гібрыднай атакі, за якой могуць стаяць замежныя спецслужбы, адзначае BILD. Непадалёк ад аэрапорта, у закінутым пасёлку Курсдорф, выявілі тэхнічную канструкцыю, якая магла выкарыстоўвацца для кіравання дронамі. У Германіі пачалі крымінальную справу па падазрэнні ў тэрарызме.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.