Папулярны мінскі тэатр упершыню пачне ставіць спектаклі на рускай мове
РТБД / rtbd.by
Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі (РТБД) паставіць спектакль "Маленькія трагедыі" паводле аднайменнага твора Аляксандра Пушкіна. Як вынікае з публікацыі на сайце тэатра, спектакль будзе пастаўлены па-руску.
Рыхтуе пастаноўку Святлана Навуменка. Яна стала дырэктаркай тэатра ў жніўні 2024-га. Увосень таго ж года ў тэатры прайшлі масавыя звальненні, праз што быў адменены шэраг спектакляў.
Прэм'ера плануецца ў снежні. На сайце тэатра пакуль што апублікаваная афіша толькі да кастрычніка.
На сёння ў Беларусі 28 прафесійных тэатраў. РТБД адзін з трох, якія ставяць спектаклі толькі па-беларуску. Калі ў гэтым тэатры адбудзецца рускамоўная пастаноўка, то беларускіх тэатраў застанецца толькі два — Купалаўскі ў Мінску і Коласаўскі ў Віцебску.