Новым кіраўніком Віцебшчыны прызначаны адстаўны генерал-маёр

Павел Муравейка

Павел Муравейка / ctv.by

Аляксандр Лукашэнка прызначыў Паўла Муравейку кіраваць Віцебскай вобласцю. Гэта адбылося ўсяго праз паўтара месяцы пасля ягонага пераводу з Генштаба ў адміністрацыю Лукашэнкі.

55-гадовы Павел Муравейка — генерал-маёр, родам з Мар'інай Горкі. У 2023 годзе ён праславіўся тым, што пагражаў "прабіць калідор" у Літву ў адказ на міжнародныя санкцыі.

Ад траўня 2024 года Муравейка ўзначальваў Генеральны штаб Узброеных сілаў Беларусі. Але пры канцы верасня 2026-га яго нечакана прызначылі намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта.

Цяпер жа Муравейка становіцца трэцім кіраўніком Віцебшчыны за 2026 год. У студзені Аляксандра Субоціна замяніў Аляксандр Рагожнік, але праз дзевяць месяцаў яго вызвалілі з пасады. Афіцыйна — у сувязі з хваробай. Апошнім часам абавязкі кіраўніка рэгіёна выконваў першы намеснік старшыні аблвыканкама Сяргей Ляўковіч.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.