Ваяўнічы палітрук, які цяпер кіруе справамі Лукашэнкі. Кар’ерны шлях Паўла Муравейкі
Генерал Павел Муравейка / Медыяхолдынг "Беларусь сёння"
28 верасня Аляксандр Лукашэнка прызначыў генерал-маёра Паўла Муравейку намеснікам кіраўніка сваёй Адміністрацыі. Вайсковец з траўня 2024 года займаў пасаду начальніка Генеральнага штаба Узброеных сіл і першага намесніка міністра абароны.
Муравейка перайшоў на вышэйшую для сябе пасаду праз два дні пасля свайго 55-годдзя. А стаў вядомы ён праз гучныя і небяспечныя заявы. Пра магчымасць прарубіць "калідор" праз Літву, удар ракетай "Арэшнік" па ўкраінскім горадзе Днепр як жэст добрай волі і гатоўнасць ужыць ядзерную зброю супраць краін ЕС.
Еўрарадыё сабрала прафайл на вострага на язык рэжымнага вайскоўца.
Шлях ад Мар'інай Горкі да Генштаба
Павел Мікалаевіч Муравейка нарадзіўся 26 верасня 1971 года ў Мар'інай Горцы на Міншчыне. У войску ён з 1988 года. У 1992-м скончыў Мінскае вышэйшае ваенна-палітычнае агульнавайсковае вучылішча. Яго рыхтавалі як палітычнага кіраўніка, а не толькі камандзіра. Далей быў звычайны шлях мотастралковага афіцэра. Пачынаў Павел з камандзіра ўзвода, потым стаў камандзірам роты, затым — начальнікам штаба батальёна, а пасля і камандзірам батальёна.
У пачатку нулявых Муравейка скончыў камандна-штабны факультэт Ваеннай акадэміі Беларусі і перайшоў у Генеральны штаб, дзе вырас ад старшага афіцэра аддзела планавання да начальніка аддзела Галоўнага аператыўнага ўпраўлення. У 2008-м скончыў Ваенную акадэмію Генштаба Расіі, па звестках "Нашай Нівы", з залатым медалём.
З лета 2013 года па 10 люты 2022 года будучы апаратчык быў намеснікам начальніка Генштаба і начальнікам Галоўнага аператыўнага ўпраўлення. У лютым 2015-га атрымаў званне генерал-маёра.
Сярод узнагарод у яго ёсць расійскі ордэн Сяброўства (атрымаў у 2018 годзе). У лютым 2022 года, літаральна за два тыдні да поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну, ён стаў першым намеснікам дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі. У маі 2024-га Лукашэнка прызначыў яго начальнікам Генштаба замест Віктара Гулевіча, якога афіцыйна звольнілі па ўзросце.
Ідэолаг у пагонах
Яшчэ да вайны Муравейка паказаў сябе як дасведчаны ідэолаг сілавога блока. У лютым 2021 года на Усебеларускім народным сходзе ён падвёў вынікі падзей 2020 года і растлумачыў, чаму, на яго думку, рэжым выстаяў пад ціскам хвалі пратэстаў:
“Наш народ са сваімі сынамі ў пагонах адстаяў Беларусь. Разам з тым стала відавочна, што некаторыя ўнутраныя фактары <...> недаацэнены. Гаворка ідзе пра зніжэнне ў грамадстве ўзроўню патрыятызму”.
Тады ж ён асудзіў "касмапалітычныя” погляды беларусаў, якія, паводле яго, укараняюцца ў грамадстве. Па яго словах, частка суайчыннікаў гатова стаць людзьмі без Радзімы, адмовіцца ад яе абароны, з'ехаць за мяжу і парваць сувязь з роднай зямлёй. Пад патрыятызмам Муравейка разумеў тое ж, што звычайна казаў Лукашэнка, — лаяльнасць кіраўніцтву і саюз з Расіяй.
На вастрыі прапаганды
У кішэню па слова Муравейка не лез і адмеціўся шэрагам пагрозлівых заяў.
Так, у кастрычніку 2023 года, будучы ў Савеце бяспекі, ён заявіў на ідэалагічным семінары, што Беларусь мае права прарубіць калідор праз Літву ў адказ на літоўскія санкцыі:
“З пункту гледжання банальнай логікі мы маем усе падставы, каб прарубіць жыццёва важны для нас калідор сілай зброі”.
У адказ літоўскае МЗС выклікала часовага паверанага ў справах Беларусі і ўручыла яму ноту пратэсту. Тады ж Муравейка прызнаў, што ў Беларусі бываюць праблемы з пастаўкамі запчастак і збытам прадукцыі, а часам і з выплатай заробкаў.
У лістападзе 2024 года ў інтэрв'ю праўладнаму выданню “Беларусь сёння" ён назваў удар Расіі ракетай "Арэшнік" па Дняпры "жэстам добрай волі" і "пасылам, што не трэба жартаваць з Расіяй". Расійскую армію Муравейка абвясціў самай магутнай і самай моцнай арміяй у свеце, а пра НАТА сказаў, што гэта альянс для размоў.
“Ведаеце, як у кулуарах жартам расшыфроўваюць НАТА? — No actions talks only — ніякіх дзеянняў, толькі размовы. Таму дай бог, каб яны нешта маглі і ўмелі рабіць". Пасля гэтага ён дадаў, што нават зброя, якую краіны НАТА перадаюць Украіне, паводле яго ацэнкі, не вельмі сябе зарэкамендавала.
Пры гэтым яго тон не заўсёды аднолькава ваяўнічы ў адносінах да краін Захаду.
У верасні 2025-га ён паведамляў, што беларуская супрацьпаветраная абарона адсочвала дроны, якія збіліся з курсу, і перадавала звесткі Польшчы і Літве. А вучэнні "Захад-2025" ён называў планавым мерапрыемствам, якое не павінна пужаць суседзяў.
У студзені 2026-га Муравейка кіраваў штабной трэніроўкай, а гэтым летам прадставіў у Савеце Рэспублікі законапраект, які дазваляе іншаземцам служыць у арміі па кантракце.
Уладар ядзернай зброі
У пагрозлівых заявах Муравейка нагадваў і пра выкарыстанне ядзернай зброі.
Ужо ў верасні 2023 года ён пракаментаваў праўладным СМІ, што хацеў бы ўберагчы Захад ад вар'яцкіх думак праверыць на практыцы, ці ўмеюць беларусы прымяняць гэтую зброю:
“У нас ёсць дух, воля і гатоўнасць пры неабходнасці ўсімі сродкамі абараняць нашу краіну”.
Пасля прызначэння начальнікам Генштаба тэма “ядзеркі” стала пастаяннай. У чэрвені 2024-га ён распавёў пра вучэнні з Расіяй па ўжыванні нестратэгічнай ядзернай зброі: комплексы "Іскандэр" выйшлі на пазіцыі, атрымалі боепрыпасы з ядзернымі боегалоўкамі і заступілі на баявое дзяжурства.
“Падраздзяленні і часці Узброеных сіл Беларусі да прымянення спецыяльнай ядзернай зброі гатовы”, — казаў ён тады.
У пачатку ліпеня 2024-га ў інтэрв'ю АНТ пайшоў далей:
“Мы навучыліся карыстацца гэтай зброяй. Мы ўмеем упэўнена яе прымяняць. Мы здольныя гэта рабіць і, можаце не сумнявацца, мы гэта зробім, калі суверэнітэту і незалежнасці нашай краіны будзе створана пагроза”.
Публіцыст і былы палітык Сяргей Навумчык тады параіў мінчанам пазбавіцца ад кватэр каля рэзідэнцыі Лукашэнкі, будынка КДБ і Мінабароны, бо такія аб'екты стануць цэлямі непазбежных удараў у адказ. А ўкраінскі эксперт па Беларусі Яўген Магда нагадаў, што Муравейка па адукацыі палітрук, палітработнік, а доказаў фізічнай прысутнасці расійскай ядзернай зброі ў Беларусі няма.
Ваяўнічасць рыторыкі непазбежна выйшла Муравейку бокам — вайсковец фігуруе ў шэрагу санкцыйных спісаў.
У пачатку зімы 2023 года Муравейку ўнеслі ў санкцыйны спіс ЕС за датычнасць да ўварвання Расіі ва Украіну. Неўзабаве да гэтага далучылася Швейцарыя, у лютым 2024-га — Албанія, Боснія і Герцагавіна, Ісландыя, Ліхтэнштэйн, Малдова, Нарвегія, Паўночная Македонія, Чарнагорыя і Украіна, у жніўні 2024-га — Канада.
Кіраўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка адносіў Муравейку разам з Аляксандрам Вальфовічам да "расійскага лобі" ў сілавым блоку. Эксперт iSANS Антон Глускі пасля прызначэння Муравейкі начальнікам Генштаба казаў, што замест Гулевіча, ваеннага прафесіянала, якога паважалі ў арміі, прыйшоў Муравейка — ідэалагізаваны прарасійскі афіцэр, і яго прызначэнне азначае карэкціроўку вектара ваеннай палітыкі.