Па крымінальнай справе ашуканскага call-цэнтра праходзяць 28 чалавек
У Беларусі выкрылі ілжэ-брокераў, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
Следчы камітэт завяршыў расследаванне крымінальнай справы супраць 28 кіраўнікоў і ўдзельнікаў ашуканскага call-цэнтра. Пад выглядам брокерскіх паслуг яны выманьвалі грошы ў пацярпелых.
Як заяўляе следства, зламыснікі стварылі і адміністравалі ў інтэрнэце сайты, на якіх была ілжывая інфармацыя пра высокія даходы на рынках каштоўных папер. Пры гэтым яны маскіраваліся пад рэальныя міжнародныя камерцыйныя арганізацыі, якія маюць дачыненне да біржавых аперацый.
Звесткі пра асоб, якія цікавяцца інвеставаннем, яны куплялі на спецыялізаваных сайтах. Потым ахвярам тэлефанавалі ад імя супрацоўнікаў падстаўных брокерскіх кампаній.
Пацярпелым адпраўлялі электронныя выявы падробленых дакументаў: дагаворы на аказанне брокерскіх паслуг, ліцэнзію на права ажыццяўлення брокерскай дзейнасці, гарантыйныя лісты, страхавыя пасведчанні, розныя інвестыцыйныя дакументы.
Даверлівых інвестараў рэгістравалі на падстаўных сайтах і імітавалі для іх біржавую дзейнасць. У сваіх профілях кліенты бачылі высокую прыбытковасць сваіх інвестыцый, хаця гэта была фэйкавая інфармацыя.
"З дапамогай спецыялізаванага праграмнага забеспячэння зламыснікі імітавалі працу біржавых сэрвісаў, фармавалі псеўдаграфікі і дэманстравалі "рост капіталу", цалкам кантралюючы карцінку, якую бачыў чалавек на экране", — заяўляюць у СК.
Скрадзеныя грошы пераводзіліся на рахункі, якія кантралявалі ўдзельнікі групы.
У Беларусі ілжэ-брокеры стварылі некалькі юрыдычных асобаў, арандавалі офісы, закупілі камп'ютарнае абсталяванне, сродкі ананімізацыі, IP-тэлефанію, а таксама іншыя тэхнічныя прылады і праграмныя прадукты. Новых работнікаў яны шукалі праз спецыялізаваныя сайты па пошуку працы, а гутаркі праводзілі ў тым ліку з выкарыстаннем паліграфа.
Следства выявіла 82 пацярпелых па гэтай справе. Агульная сума шкоды склала больш за 2 мільёны рублёў. Абвінавачаныя кампенсавалі больш за 140 тысяч рублёў, на іх маёмасць накладзены арышт на суму каля 2 мільёнаў рублёў.