Гамельчукі просяць Лукашэнку спыніць знос прыватных дамоў
Падчас грамадскіх абмеркаванняў у Гомелі / Progomel
Да Лукашэнкі звярнуліся жыхары прыватных дамоў у цэнтры Гомеля. Яны просяць спыніць знос жылля ў раёне вуліцы Сазонава і Чыгуначнага тупіка. Там на месцы прыватных дамоў плануецца пабудаваць 16-павярховік.
Пад калектыўным лістом падпісаліся ўласнікі дзевяці дамоў, якія апынуліся пад пагрозай зносу, піша "Флагшток".
Адзін з уладальнікаў, дарэчы, адзначае, што гэтым летам атрымаў у мясцовай адміністрацыі дазвол на рэканструкцыю дома і завяршыў яе, а цяпер дом хочуць знесці. Жыхары кажуць, што іх ніхто не папярэджваў пра запланаванае будаўніцтва шматпавярховіка, таму паведамленні пра знос, якія прыйшлі ў паштовыя скрыні, сталі шокам.
Таксама Гамельчукі пішуць, што іх голас не пачулі падчас грамадскіх абмеркаванняў. Іх пярэчанні не згадалі ў справаздачы дзяржгазеты, а ўлады не далі выразных адказаў на ўсе пытанні.
Пасля грамадскага абмеркавання пад зваротам у раённую і гарадскую адміністрацыю сабралі каля 300 подпісаў. Супраць будаўніцтва шматпавярховіка выступілі не толькі ўладальнікі прыватных дамоў, але і многія жыхары бліжэйшых шматкватэрных дамоў.