Дзяржкантроль выкрыў "ліфтавую карупцыю" на 17 крымінальных справаў
Ліфт, ілюстрацыйнае фота / pexels.com
Пра маштабную карупцыю ў гандлі ліфтамі заявілі ў Камітэце дзяржкантролю.
У Гомелі зафіксаваныя больш за 40 фактаў хабарніцтва пры закупцы няякасных ліфтаў, паведамляецца ў сюжэце на тэлеканале АНТ.
За хабар мінскія чыноўнікі закуплялі няякасныя ліфты паводле завышаных коштаў у гомельскага камерсанта. Прадпрымальнік збіраў іх з набытых імпартных камплектуючых. Паводле яго, ліфт, які каштаваў 300 тысяч рублёў, прадаваўся за 600 тысяч.
Дзяржкантроль зацікавіўся ліфтамі пасля шматлікіх скаргаў жыхароў адной з гомельскіх новабудоўляў. У нядаўна здадзеным доме ліфты ламаліся ледзь не кожны тыдзень. А замяніць зламаныя запчасткі было няпроста, бо яны былі імпартныя.
Паведамляецца, што зламыснікі дзейнічала больш за дзесяць гадоў: кіраўнік, галоўны інжынер і начальнік участка аднаго з найбуйнейшых будаўнічых прадпрыемстваў набывалі няякасныя ліфты ў гомельскага прадпрымальніка і яшчэ ў чатырох камерцыйных структур Мінска і раёна. Восем кіраўнікоў з 2015 года 24 разы атрымалі хабар ад 11 камерсантаў за закупкі няякаснага абсталявання.
Адзначаецца, што фігуранты цалкам прызналі віну і супрацоўнічаюць са следствам. Іх маёмасць арыштаваная.
Выявілася, што няякасныя ліфты пастаўлялі і ў Мінск. Па гэтай справе затрыманы начальнік аддзела дыягностыкі Мінскага ўпраўлення Дзяржпрамнагляду: за "заплюшчаныя вочы" пры куплі ліфтоў ён з 2023 года атрымліваў хабар у выглядзе грошай і элітнага алкаголю.
У рамках аперацыі было пачата 17 крымінальных спраў, зафіксавана 50 эпізодаў па хабарах на суму ў 142 тысячы рублёў.
Іншую "ліфтавую схему" выкрылі на вытворчасці беларускіх ліфтаў. Там чатыры расійскія кампаніі прадавалі магілёўскія ліфты ў РФ, але не плацілі падаткі ў Беларусі. Шкоду ад нявыплачаных падаткаў ацанілі ў 3,6 млн беларускіх рублёў. На службовых асоб чатырох расійскіх кампаній пачалі крымінальныя справы.