Доля ў беларускім Wildberries належыць сям'і Лукашэнкі — "Бюро"

Рэклама Wildberries у Мінску

Рэклама Wildberries у Мінску / LookByMedia

Беларускі бізнесмен Дзмітрый Курносенка стаў канчатковым бенефіцыярам кампаніі "ГД Квадрат", якой належыць 10% беларускага Wildberries. Пра гэта піша "Бюро" ў сваім новым расследаванні, спасылаючыся на аўдытарскія дадзеныя банка і фінансавую справаздачнасць кампаній. Бізнес-сувязі Курносенкі вядуць да кампаніі жонкі Дзмітрыя Лукашэнкі.

Імя Курносенкі стала вядома з аўдыту "Банка развіцця і росту бізнесу", 99,42% якога "ГД Квадрат" выкупіў у 2025 годзе. 

Дырэктарам "ГД Квадрат" значыцца Яўген Васільеў, кіраўнік напрамку па рабоце з органамі дзяржаўнай улады Wildberries у Беларусі. Паводле дадзеных "Бюро", яго жонка, Алена Васільева, з 2023 года валодае доляй у фірме "Сябры Івэнт" разам з рэстаратаркай Наталляй Садоўскай. 

Садоўская вядзе бізнес з Уладзімірам Кулаковым, мужам сястры Ганны Лукашэнкі, жонкі Дзмітрыя Лукашэнкі.

Выданне таксама адзначае сувязі Курносенкі з сеткай вонкавай рэкламы "Крэатыўны код". 75% кампаніі належыць ЗАТ "КорусМедыя", дырэктарам якога значыцца Дар'я Харужка.

Паводле дадзеных "Кіберпартызан", яна больш за 10 гадоў працавала ў "Бяспечных дарогах Беларусі", якія кантралюе Курносенка. Паводле дадзеных "Бюро", крыніцы на рэкламным рынку звязваюць "Крэатыўны код" з Wildberries.

Доля в белорусском Wildberries принадлежит семье Лукашенко — “Бюро”

Дарэчы, "ГД Квадрат" атрымаў па 10% у ТАА "ІМВБРБ" і "Аператар ВБ Таксі" ў сакавіку 2025 года, праз два тыдні пасля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з прыватным бізнесам.

Паводле дадзеных "Бюро", у 2025 годзе фірма атрымала 70,054 млн беларускіх рублёў (20,3 млн еўра) даходаў ад удзелу ў капітале іншых арганізацый. Амаль столькі ж — 70,053 млн рублёў — беларускі Wildberries выплаціў акцыянерам дывідэндамі. Гэта каля 24% усяго прыбытку рытэйлера. 

Іншых відаў дзейнасці "ГД Квадрат" не вядзе. З атрыманай сумы кампанія выплаціла свайму акцыянеру 26,7 млн рублёў (7,7 млн еўра).

Паводле дадзеных Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, паслугамі Wildberries карыстаюцца больш за 85% апытаных беларусаў. Выручка "ІМВБРБ" у 2025 годзе перавысіла 9 млрд беларускіх рублёў (2,6 млрд еўра), чысты прыбытак склаў 295 млн рублёў (85,3 млн еўра).

У траўні 2026 года МАРГ прызнала Wildberries адным з дамінуючых гульцоў на рынку.

Расследаванне цалкам чытайце тут.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.