На “Беларусьфільме” затрымалі спецыяліста — і паказалі яго допыт іншым супрацоўнікам

Галоўны будынак студыі "Беларусьфільм"

Галоўны будынак студыі "Беларусьфільм" / "Яндекс Беларусь"

Следчы камітэт распачаў крымінальную справу супраць Валерыя Грашэўскага — уладальніка прыватнай кампаніі “D-cinema.by” па тэхналагічным абслугоўванні кінатэатраў і тэхнічнага спецыяліста вытворчага цэха “Кінапост”, які ўваходзіць у склад “Беларусьфільма”.

Як паведамілі Еўрарадыё дзве не звязаныя паміж сабой крыніцы, афіцыйнай прычынай для пераследу стала атрыманне хабару падчас вытворчасці ідэалагічнай стужкі “Адно на дваіх” рэжысёра Івана Паўлава. Не выключна, што нагодай для арышту могуць быць іншыя падставы.

Грашэўскага затрымалі 24-га верасня. Цяпер ідзе расследванне. У яго месенджерах пазначана, што карыстальнік шмат часу не быў анлайн.

З акалічнасцяў справы вядома, што Грашэўскаму інкрымінуюць “адмыванне грошай” за стварэнні камп’ютарнай графікі і мантажу падчас постпрадакшна фільма. Нібыта за выкананне працы было ўзята грошай болей, чым пазначана ў смеце.

На “Беларусьфільме” затрымалі спецыяліста — і паказалі яго допыт іншым супрацоўнікам
Валеры Грашэўскі / Фота з сацыяльнай сеткі мужчыны

Па справе таксама праходзіць кіраўнік дзяржстудыі Дзмітрый Сямёнаў, які з’яўляецца дырэктарам праекта. Яго таксама затрымлівалі, але потым адпусцілі. Як службовая асоба, па справе ён праходзіць як патэнцыйны хабарадаўца, які магчыма выдаў грошы тэхнічнаму супрацоўніку Грашэўскаму, каб аплаціць яго пазаўрочную працу падчас працы над фільмам, што следства разглядае як хабар.

Таксама вядома, што допыт Грашэўскага паказвалі на вялікім экране штатным супрацоўнікам “Беларусьфільма”. Верагодна, ў выхаваўчых мэтах.

Драма “Адно на дваіх” — сумесны ідэалагічны праект “Беларусьфільма” і Міністэрства абароны. Яго прэм’ера адбылася сёлета 30 красавіка.

Сюжэтнай асновай фільма стала рэальная трагедыя, якая адбылася 19 траўня 2021 года ў Баранавічах. Падчас вучэбнага палёта самалёт Як-130 адбылася аварыйная сітуацыя і машына разбілася сумесна з экіпажам. Пілотам Андрэю Нічыпорчыку і Мікіце Куканенку прысвоілі званне “Герой Беларусі” пасмяротна. 

Хоць фільм і здымаўся на натуры, аўтары прызнаваліся, што для стварэння фільмы выкарыстоўвалася шмат камп’ютэрных эфектаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.