Кіраўнічую пасаду ў Ельскім раёне атрымаў чыноўнік, асуджаны сёлета ў лютым на 7 гадоў
Віталь Панчанка / Дняпровец
Дырэктарам КСУП "Скараднянскі" ў Ельскім раёне стаў былы старшыня Рэчыцкага райвыканкама Віталь Панчанка.
Яшчэ сёлета ў лютым чыноўніка асудзілі на 7 гадоў пазбаўлення волі, аштрафавалі на 700 базавых велічыняў (31,5 тыс. рублёў) і забаранілі займаць кіруючыя пасады тэрмінам на 5 гадоў.
Выданне "Флагшток" звяртае ўвагу, што Панчанку прызначылі дырэктарам КСУП пры канцы ліпеня 2026 года. Работнікі прадпрыемства мяркуюць, што за яго заступіўся былы старшыня Гомельскага аблвыканкама, а цяпер дырэктар "Мазырсолі" Уладзімір Дворнік. У наступным годзе "Скараднянскае" хочуць перадаць "Мазырсолі", таму Дворнік зацікаўлены ў знаёмым чалавеку на кіраўнічай пасадзе.
У Панчанкі сур'ёзныя праблемы з законам пачаліся ў 2022 годзе. Тады яго затрымлівалі ў СІЗА па справе аб фальсіфікацыі статыстыкі аб падзяжы жывёлы ў Рэчыцкім раёне. У выніку яго знялі з пасады кіраўніка раёна, але прызначылі намеснікам начальніка аддзела ідэалогіі РУТТ "Беларуснафта".
Потым на чыноўніка пачалі новую справу і зноў пасадзілі ў СІЗА. Для змякчэння будучага прысуду ён спрабаваў аформіць фіктыўную інваліднасць на хранічным захворванні. Дапамагаў яму ў гэтым былы галоўны лекар Рэчыцкай ЦРБ Аляксандр Пузянкоў, які з'яўляецца ягоным кумам.
У лютым 2026-га Панчанку асудзілі — за падзеж буйной рагатай жывёлы і прыпіскі ў статыстцы. У дзяржаўных СМІ паведамлялася, што дзеянні чыноўніка прывялі да крымінальнага пераследу як мінімум 20 работнікаў.
Мяркуючы па ўсім, асуджанага чыноўніка вызвалілі па памілаванні ад Лукашэнкі і зноў паставілі на кіраўнічую пасаду.