Улады Беларусі засакрэцілі фінансы "рыбнай каралевы" Людмілы Няронскай
Людміла Няронская / rzd-partner.ru
Улады Беларусі засакрэцілі фінансавую справаздачнасць амаль усіх кампаній рыбнага холдынга сяброўкі сям’і Віктара Лукашэнкі – Людмілы Няронскай за 2025 год.
Пад грыф "сакрэтна", як заўважыла "Бюро", трапілі адразу шэсць фірмаў прадпрымальніцы: "Марскія сезоны", "Марскія промыслы", "Марская мануфактура", "Марская гавань", "Белмарэ груп" і "Сезон упакоўкі" (у гэтай кампаніі 20% належаць сыну Віктара Лукашэнкі — Аляксандру Лукашэнку-малодшаму).
Раней паведамлялася, што "Сезон упакоўкі" атрымае бюджэтны крэдыт на пабудову вытворча-складскога цэха ў "аршанскім афшоры" — СЭЗ "Брэміна-Орша".
Пастанову пра "падатковую таямніцу" ў дачыненні да холдынга Няронскай выдаў Савет міністраў Беларусі. Раней гэткім жа чынам былі закрытыя звесткі фірмаў, звязаных з сынамі Лукашэнкі — "Лябяжы парк" і "Глаўгандальпрэд" Віктара Лукашэнкі, а таксама Прэзідэнцкі спартыўны клуб і "Першая ўзорная друкарня" Дзмітрыя Лукашэнкі.
Адзіная "рыбная" фірма Няронскай, якая не трапіла пад падатковую дзяржтаямніцу, — "Марскі вектар". Яна была зарэгістраваная ў студзені 2025 года і займаецца іншай дапаможнай дзейнасцю ў галіне перавозак. Выручка гэтай кампаніі па выніках 2025 года склала крыху больш за 1,5 мільёна рублёў. Фінансавы год фірма скончыла са стратамі больш як у 800 тысяч рублёў.
Затое з прыбыткам спрацавала расійская кампанія "Саюзныя рыбныя промыслы". Там у Няронскай доля разам з сябрамі Уладзіміра Пуціна — алігархамі братамі Ратэнбергамі. Па выніках мінулага года выручка гэтай фірмы склала крыху больш за 22 мільёны еўра. Фінансавы год кампанія скончыла з чыстым прыбыткам амаль у 5,9 мільёна еўра. Акрамя таго Няронская і і яе фірма "Марскія промыслы" як акцыянеры атрымалі дывідэнды — сумарна на 4,6 мільёна долараў.
Яшчэ каля 30 тысяч долараў Няронская атрымала ў якасці бонусу як член савета дырэктараў. Такую ж суму атрымаў зяць Віктара Лукашэнкі Дзмітрый Дзятлаў, які таксама ўваходзіць у савет дырэктараў "Саюзных рыбных промыслаў".