Румынскі бізнесмен пабудаваў у Беларусі імперыю дзякуючы атачэнню Лукашэнкі
Румынскі бізнесмен Віталіе Буздуган
/ proftorg-grodno.by
Румынскі бізнесмен Віталіе Буздуган стварыў у Беларусі разгалінаваную сетку кампаній і атрымаў доступ да дзяржаўных праектаў. Усё гэта дзякуючы сувязям з людзьмі з бліжэйшага атачэння Аляксандра Лукашэнкі. Сярод яго дзелавых партнёраў "кашалёк" Аляксандр Зайцаў, былы кіраўнік Дзяржаўнага памежнага камітэта Ігар Рачкоўскі, даўні сябра старэйшага сына прэзідэнта Віктара Лукашэнкі і былы ахоўнік Лукашэнкі. Пра гэта — новае расследаванне "Бюро".
Буздуган валодае асноўнай доляй як мінімум у 15 кампаніях у Беларусі — ад медыцыны і тэхналогій да будаўніцтва, турызму і сельскай гаспадаркі. Частка фірмаў зарэгістравана ў індустрыяльным парку "Вялікі камень".
Сам румынскі бізнесмен спакойна жыве побач з беларускай элітай у Драздах. Агульны кошт гэтай нерухомасці ацэньваецца прыкладна ў 800 тысяч долараў.
Адну з ключавых роляў ва ўзлёце бізнесу Буздугана сыграў Аляксандр Зайцаў, былы памочнік Віктара Лукашэнкі, які трапіў пад санкцыі ЕС і ЗША як спонсар рэжыму. Кампаніі Зайцава раней валодалі долямі ў шэрагу фірмаў Буздугана і ўдзельнічалі ў сумесных праектах.