Не гарыць, але можа згніць. Што дзяржава робіць з беларускай літаратурай
У чыноўнікаў дайшлі рукі пачытаць кнігі, і цяпер яны называюць экстрэмісцкімі і аўтараў, і выдавецтвы / Еўрарадыё / @rubanau_collage
Апублікаваць экстрэмісцкую кнігу ў Беларусі стала як ніколі лёгка. Раней чыноўнікі ставілі лэйбл “экстрэмізм” толькі на асобныя творы, а цяпер увогуле назвалі экстрэмісцкімі некалькі выдавецтваў. Таму Артур [імя зменена] пакуль не публікуе кнігі, цяпер ён іх проста піша.
— Я пайшоў у фэнтэзі. Выдатны жанр, у ім лёгка стварыць любога дыктатара. А жыццё ўсё роўна пралезе. Будзеш пісаць дзіцячую казку — атрымаецца “Чыпалiна”, будзеш пісаць фэнтэзі — атрымаецца “Валадар пярсцёнкаў”, — кажа Артур.
Рэпрэсіі супраць літаратуры ў Беларусі, верагодна, дасягнулі свайго піка — і не таму, што беларускія ўлады больш нічога не змогуць прыдумаць, а таму, што рэпрэсіраваць на гэтым полі ўжо больш і няма каго.
“На прэзентацыю прыйшлі людзі ў гальштуках і з навушнікамі”
Нядаўна кнігу Паўла Анціпава “Куда-нибудь приезжать, что-нибудь делать и уезжать” прызналі экстрэмісцкай. Павел прысвяціў гэтаму прызнанню пост у сацсетцы. “Віншую”, — напісаў пад пастом Паўла іншы беларускі пісьменнік-экстрэміст Альгерд Бахарэвіч. Быў яшчэ шэраг каментароў: “Крута!”, “Гэта знак якасці” і “Не дарма купіў”.
Але калі мы патэлефанавалі Паўлу, ён спачатку адмовіўся ўспрымаць прызнанне кнігі экстрэмісцкай як камплімент ад суда Кастрычніцкага раёна Мінска. Потым усё ж засумняваўся: не, ну калі ў гэтай кнізе вычыталі “экстрэмізм”, значыць, чыталі вельмі ўважліва. Такое ўважлівае чытанне — гэта ўжо ў пэўным сэнсе камплімент аўтару.
— Я быў упэўнены, што яны [чыноўнікі] кніжкі не чытаюць, а толькі глядзяць рухомыя карцінкі на YouTube. А потым адна кніжка, якую я даслаў у Беларусь, надоўга захрасла на пошце, і вось тады я паднапружыўся. Відаць, яны яе ўсё ж прачыталі, — кажа Анціпаў.
Кніга напісана ў жанры аўтафікшн: аўтар пераглядае старыя СМС, расказвае пра сяброў, вучобу ў літаратурным інстытуце, працы, падпрацоўкі, спробы напісаць кнігу. Увогуле Анціпаў піша пра асабістае, а чыноўнікі ўсё роўна вычыталі палітычнае.
Каб даведацца, што ён цяпер экстрэміст, Анціпаву давялося зайсці на сайт Мінінфарма. А выдаўцу і пісьменніку Змітру Вішнёву з Мінінфарма патэлефанавалі непасрэдна. Экстрэмістам яго не аб’явілі, але сказалі, што ўжо шэсць гадоў Вішнёў вядзе незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць. Няўзабаве пасля гэтага Вішнёў перастаў быць выдаўцом і застаўся проста пісьменнікам. Званок з міністэрства ён апісвае ў сваёй новай кнізе “Я — тое мяса, якое прыгатаваў Зміцер”. У кнізе, як і ў жыцці, чыноўніца паведамляе яму, што дзейнасць выдавецтва прыпынена, а самога выдаўца на радзіме чакаюць “крымінальныя прыгоды”.
У кнізе, як і ў жыцці, Зміцер не стаў вяртацца ў Беларусь, каб даведацца, якія менавіта прыгоды падрыхтаваў для яго Мінінфарм. Выдавецтва прыйшлося ліквідаваць. Доўга дыстанцыйна шукалі ліквідатара — ніхто не хацеў брацца за пахаванне “Галіяфаў”. Патрэбнага чалавека ўсё ж знайшлі, і ў яго падвалах дагэтуль ляжаць 15 тон кніг.
— Яны проста гніюць там. Больш за 200 найменняў кніг! — расказвае Вішнёў. — Раман Цымбераў быў гатовы выкупіць вялікую частку нашага склада, выкупіць іх быў гатовы і Швейцарскі ўніверсітэт! І для гэтага трэба было выпісаць усяго адну накладную. Але ліквідатары і гэтага не зрабілі — парадаксальная сітуацыя. Не думаю, што я яшчэ калі-небудзь атрымаю доступ да гэтых кніг. Адзінае, на што спадзяюся — іх не пусцяць пад нож і не спаляць.
Да таго, як апынуцца па-за законам, Вішнёў шмат гадоў выдаваў і прадаваў кнігі ў цэнтры Мінска. І ведаў, што за ім сочаць — ніхто, насамрэч, і не хаваўся. Першы кніжны магазін выдавецтва “Галіяфы” адкрыўся на вуліцы Валгаградскай. Вішнёў успамінае, што ў рамонт памяшкання тады ўклалі вялікія грошы, улезлі ў даўгі — але кніжны закрылі праз месяц працы.
— Закрылі адразу пасля прэзентацыі кнігі Аляксандра Лукашука “Вяртанне нацыяналіста”. На прэзентацыю прыйшлі людзі ў касцюмах, гальштуках, з навушнікамі. Яны не проста не хавалі сваёй прысутнасці — яны амаль што вялі рэпартаж з месца падзеі. І адразу пасля гэтага ўвесь будынак на Валгаградскай, дзе знаходзіўся наш кніжны магазін, быў пазбаўлены статусу гандлёвага. Гэта значыць больш ніхто не мог весці гандаль у гэтым будынку, і мы таксама былі вымушаны з’ехаць.
Пераехалі ў самы цэнтр Мінска — у Траецкае прадмесце. Адкрыццё было шумным, з перформансам, тады казалі, што “Галіяфы” “распячаталі Прадмесце”. Але і там кніжны доўга не прастаяў: на гэты раз не праз людзей з навушнікамі і ў пінжаках, а праз вялікія кошты на арэнду. Кніжны закрылі, але з Траецкага далёка не паехалі — кніжны перавезлі ў гандлёвы дом “На Нямізе”, дзе ён працаваў да званка з Мінінфарма.
Калі чыноўнікі датэлефанаваліся да Вішнёва, ён быў у Еўропе — паехаў туды па літаратурнай стыпендыі. А выдавец Андрэй Янушкевіч у той час быў на сутках. Яго затрымалі ў маі — на наступны дзень пасля адкрыцця ў цэнтры Мінска кніжнага магазіна “Кнігаўка”. Тады ж пры вобшуку канфіскавалі каля 250 асобнікаў кніг. На што ўвогуле разлічваў Янушкевіч, адкрываючы кніжны магазін у 2021 годзе?
— Дадатковы пункт на культурнай карце сталіцы Беларусі — што ў гэтым дрэннага? — адказвае нам Янушкевіч, седзячы ў аднайменным кніжным магазіне, але ўжо ў Варшаве. — Усе кнігі, якія мы паспелі прадаць у “Кнігаўцы”, раней свабодна прадаваліся ў нашым офісе і анлайн-магазіне.
Гэта той самы Янушкевіч, дзякуючы якому на беларускай мове можна прачытаць “Гары Потэра”, “Дзюну”, “Ведзьмака”, “Валадара пярсцёнкаў”, шмат іншых сусветных бестселераў. Беларускамоўны “Гары Потэр” нават паспеў пастаяць на самых заўважных паліцах дзяржаўных кніжных магазінаў, але гэта было да 2020 года.
— Доўгі час дзяржава рабіла выгляд, што нас проста няма. Яны займаліся сваімі вялікімі справамі, ну а мы сабе паціху выдавалі кнігі. Гэта іх асабліва не цікавіла, калі мы не заплывалі занадта далёка за пэўныя цэнзурныя буйкі. Ты разумеў, што функцыянуеш у несвабоднай і недэмакратычнай краіне, але пры гэтым адчуваў сябе даволі свабодна, — расказвае Янушкевіч.
А потым дзяржава рознымі спосабамі пачала паказваць Янушкевічу сваю непрыязнасць. У 2021 годзе ў выдавецтва на мытні адабралі тысячу асобнікаў “Сабак Еўропы” Альгерда Бахарэвіча. У тым жа годзе дзяржаўныя кніжныя магазіны пачалі адмаўляцца працаваць з яго выдавецтвам. За прададзенае разлічыліся, непрададзенае — вярнулі, то-бок паводзілі сябе цывілізавана, але далі зразумець, што ён цяпер — выдавец нон-грата. А ў сакавіку 2022 года Янушкевіча папрасілі з’ехаць з офіса.
— Я палічыў, што гэта проста выбрык нейкага чыноўніка, — кажа выдавец. — Я тады яшчэ не разумеў наступстваў расійскай агрэсіі ва Украіне. А гэта моцна адбілася на ўнутранай палітыцы Беларусі. І яшчэ я не разумеў, што гэта не былі выпадковыя прэтэнзіі да асобных выдаўцоў — атака была сістэмнай.
Цяпер [для беларускіх улад] выданне кніг на беларускай мове — гэта ўжо палітычная справа. Пры тым што я заўсёды пазбягаў у сваёй дзейнасці квазіідэалагічнага арэолу. Я выдаю кнігі на беларускай, таму што я беларус. Пайдзіце, спытайце ў польскага выдаўца, чаму ён выдае кнігі на польскай мове. Якая будзе яго рэакцыя? Мабыць, ён задасць вам рытарычнае пытанне: а на якой яшчэ мове мне іх выдаваць?
У 2022 годзе Янушкевіч з’ехаў з Беларусі, і цяпер ён выдае кнігі на беларускай мове ў Польшчы. Калі ў яго варшаўскай кватэры стала замала месца для ўпакоўкі і распакоўкі тыражоў, ён адкрыў кніжны магазін. Назваў яго так жа, як хацеў назваць у Мінску, — “Кнігаўка”.
Год выдаваў, два, тры — а на днях чыноўнікі назвалі яго членам загадкавай экстрэмісцкай кааліцыі кнігавыдаўцоў. У “злачынную” кааліцыю, акрамя Янушкевіча, уключылі фонд “Камунікат”.
"Надрукуем — і нас закрыюць. Не надрукавалі, а іх усё роўна закрылі"
— Проста абсурд, — кажа стваральнік фонду “Камунікат” Яраслаў Іванюк, калі мы просім яго пракаментаваць сваё “членства” ў экстрэмісцкім фарміраванні кнігавыдаўцоў.
З Іванюком сустракаемся ў Беластоку. У адрозненне ад іншых нашых суразмоўцаў ён ніколі не жыў у Беларусі. Яраслаў Іванюк — прадстаўнік беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы. Ён нарадзіўся тут, на Падляшшы, называе сябе беларусам, гаворыць на чыстай беларускай мове, больш за 20 гадоў займаецца распаўсюджваннем беларускай кнігі, а прапаганда любіць называць яго этнічным палякам.
— Паказвалі аднойчы мае фота з “Фэйсбука”, на якіх я зняты ў майцы з “Пагоняй”. Мяне сябры смяяліся — канешне, у такіх майках не ходзіць ніхто, акрамя этнічных палякаў!
На сайце анлайн-бібліятэкі “Камунікат”, якую Іванюк стварыў 25 гадоў таму, размешчана больш за 70 тысяч публікацый: кнігі, архівы беларускай перыёдыкі больш чым за стагоддзе. Усё гэта можна спампаваць бясплатна. На аснове матэрыялаў “Камуніката” пісаліся нават дысертацыі.
Шмат гадоў анлайн-бібліятэка працавала пад лозунгам “Беражы лес — чытай кнігі на Kamunikat.org”. Лес бераглі да 2021 года, пакуль да Іванюка не прыйшоў Уладзімір Някляеў і не прынёс раман “Гэй Бэн Гіном”. Яго кнігу тады адмовіліся выдаваць у іншых выдавецтвах.
— Іншыя незалежныя выдавецтвы, што яшчэ працавалі ў Беларусі, палічылі: надрукуем — і нас закрыюць. Не надрукавалі, а іх усё роўна закрылі, а людзей арыштавалі.
Я нават пяць хвілін не думаў, ці варта выдаваць гэтую кнігу. А ўжо якім чынам я буду гэтую кнігу прадаваць і распаўсюджваць, абдумваў пазней. З таго часу мы выдалі больш за 70 назваў беларускіх кніг — гістарычных, дзіцячых, мастацкіх.
На жаль, праект аказаўся перспектыўным. На жаль — таму што ўсе гэтыя кнігі павінны выходзіць у Беларусі. І мне шкада, што яны выходзяць за межамі Беларусі, што іх тыражы разыходзяцца па-за межамі краіны, што з краіны выехала столькі людзей, якім патрэбны гэтыя кнігі.
Мы просім Іванюка паразважаць, што ж такое ён выдаў, што і “Камунікат”, і яго асабіста ўключылі ў склад загадкавага “экстрэмісцкага фарміравання”. Іванюк разважае без задавальнення. Кажа, нават думаць не хочацца.
А выдавецтва Gutenberg Publisher назвалі асобным экстрэмісцкім фарміраваннем яшчэ ў лютым. Валянціна Барбара Андрэева ў нейкай ступені ўсцешана новым статусам: кажа, у “Гутэнберга” пакуль мала заслуг, каб такі статус зарабіць — выдавецтва працуе ўсяго тры гады.
— Калі мы з’язджалі з Беларусі некалькі гадоў таму, у нас было разуменне, што сітуацыя будзе развівацца прыкладна такім чынам. Але за гады працы ў эміграцыі мы сталі забываць, чаму мы з’ехалі.
У нейкі момант нават выпадковыя каментары ад палякаў ужо не здаваліся такімі дурнымі: а чаму вы, беларускае выдавецтва, працуеце тут, а не ў Беларусі? Пачалі з’яўляцца думкі: а можа, і сапраўды… Але цяпер мы бачым, што да нас проста не даходзілі рукі. А цяпер — дайшлі.
Ва ўсіх трох “экстрэмісцкіх” выдавецтвах кажуць, што кнігі ў Беларусь практычна не прадавалі. Праўда, не зусім зразумела, як лічыць тых, хто заказваў кнігі на польскія адрасы і проста ў чамаданах вёз іх дадому. Цяпер гэтых заказаў будзе менш.
— Але з усяго аб’ёму заказаў непасрэдна з Беларусі афармлялася прыкладна 2 %. Таму казаць пра нейкую небяспеку, якую мы ўяўлялі для беларускіх улад, проста смешна, — упэўнена Андрэева.
Янушкевіч згаджаецца:
— Людзей спынялі дзве рэчы: высокі кошт дастаўкі і той просты факт, што праз кнігу на беларускай мове, дасланую з-за мяжы, могуць узнікнуць праблемы.
Дык навошта дадатковыя рэпрэсіі? Іванюк лічыць, што дзяржаве проста патрэбны пастаянны вораг, і калі сапраўдных ворагаў няма, яна яго выдумляе, каб трымаць усіх у страху.
У Паўла Анціпава ёсць прасцейшае тлумачэнне:
— Думаю, калі яны вучыліся ў сваіх школах КДБ, ім расказвалі, што Савецкі Саюз разваліўся праз Салжаніцына. Ці нешта ў гэтым духу. Інтэрнэту не было, падрыўная дзейнасць вялася праз кнігі, якія размнажалі на ксераксах або перапісвалі пад капірку. І вось, навучыўшыся ў гэтай старой школе КДБ, яны запомнілі, што кніга небяспечная. Але да якой ступені зараз кніга небяспечная?
Ну, якая самая папулярная забароненая беларуская кніга? Магчыма, “Сабакі Еўропы” Альгерда Бахарэвіча. Калі б яе не забаранілі прадаваць у Беларусі, дык што б здарылася? — разважае Анціпаў.
Праверыць ужо немагчыма — у Андрэя Янушкевіча ўвесь тыраж “Сабак Еўропы” канфіскавалі яшчэ ў 2021 годзе непасрэдна на мытні.
Куды-небудзь прыязджаць, нешта рабіць
Увогуле, усім беларускім незалежным літаратарам і выдавецтвам застаецца з’язджаць з Беларусі, куды-небудзь прыязджаць і нешта рабіць ужо там. Але ці надоўга хопіць энтузіязму чытачоў у дыяспары?
На складзе Янушкевіча ляжыць 600 асобнікаў беларускага перакладу “Восені патрыярха” Габрыэля Гарсія Маркеса. За тры гады працы ў Польшчы прададзена толькі 400. Правы на пераклад заканчваюцца летам — што рабіць? Зніжаюць цэны, пішуць у медыя — а кнігі ўсё роўна не прадаюцца.
— Магчыма, скончыліся людзі, якім цікавая гэтая кніга? — разважае Янушкевіч.
Ці іншы прыклад. Калі Янушкевіч аб’явіў, што выдавецтва купіла правы на пераклад Стывена Кінга, гэта стала сенсацыяй. Патэнцыяльныя чытачы ў сацсетках былі ў захапленні. У выдавецтве вырашылі, што першы тыраж мусіць быць у 4 тысячы асобнікаў, а потым дадрукуюць яшчэ.
— На шчасце, мы ўсё ж пачалі з дзвюх тысяч, а не чатырох, — кажа Янушкевіч. — Прайшло ўжо два гады з моманту старту продажу, а мы яшчэ і першую тысячу не прадалі. То-бок ты лятаеш у рамантычных ідэях: ёсць кніжны голад, ёсць сусветна вядомы аўтар, ёсць жаданне чытаць на роднай мове… А калі даходзіць да практыкі, усё аказваецца інакшым, чым у тваіх марах.
Нядаўна Янушкевіч трапіў у навіны, але не так, як хацеў. Выдаўца засмуціла, што медыя напісалі пра заручыны папулярнага блогера Аляксандра Івуліна, але не паведамілі пра тое, што выйшла кніга пра вайну ва Украіне польскага пісьменніка Шчэпана Твардаха ў перакладзе на беларускую мову. Сваёй фрустрацыяй Янушкевіч падзяліўся ў Instagram. Саша Івулін прыйшоў, купіў кнігу Твардаха, сфатаграфаваўся з ёй і паставіў пост у сацсетках. Аб гэтым медыя ўжо напісалі.
Такі механізм падтрымкі, вядома, лепшы за тое, што выбрала беларуская дзяржава, але ўсё ж недастатковы. На нармальны маркетынг проста няма грошай, і не толькі ў Янушкевіча. Асабліва няма грошай на шыкоўны маркетынг.
Часам у “Гутэнберг” прыходзяць пісьменнікі з райдарам: хачу столькі аўтарскіх сустрэч, удзел у такіх кніжных кірмашах і ўвогуле шыкоўную рэкламную кампанію.
— Усё гэта вялікая праца, і яна каштуе вялікіх грошай. Уласных грошай на такую працу ў нас няма. Мы не ўпалі з Месяца, і на гэтым Месяцы ў нас няма шахты з золатам. Мы прыехалі ў Польшчу як звычайныя людзі, у нас з сабой была толькі куча сумак, а прэзентацыі і сустрэчы з чытачамі патэльнямі не аплаціш, — кажа Валянціна Андрэева.
“Грошы” — гэта першы адказ Андрэя Янушкевіча на пытанне, чаго не хапае беларускай літаратуры. Але потым ён перадумвае і кажа: аўдыторыі. Тысяч чытачоў, магчымасці ахапіць усю аўдыторыю Беларусі, а не толькі актывістаў дыяспары.
— Хочацца працаваць на нармальным рынку. Расшырыць аўдыторыю, пашырыць асартымент. Мы выдаём 20 пазіцый на год, а трэба — 200. Людзі хочуць іншыя жанры, іншыя творы, і задача выдаўца — даць ім гэты выбар. Зайдзіце ў польскія кніжныя — там поўна фантастыкі, рамантыкі, нон-фікшн!
Не толькі Янушкевіч марыць пра тое, як аднаго дня зможа працаваць на нармальным рынку. Але стваральнік “Камуніката” Яраслаў Іванюк упэўнены: выданне беларускіх кніг за мяжой — гэта не бізнес.
— Падчас кніжнага кірмашу ў Варшаве адзін з былых польскіх эмігрантаў сказаў мне: гэтыя кнігі будуць актуальныя яшчэ для двух пакаленняў беларусаў. А потым, калі сітуацыя ў Беларусі не зменіцца і вы не зможаце вярнуцца, пачнуцца працэсы асіміляцыі. На жаль, іх не спыніць. Так было і з палякамі, якія ўцякалі на Захад спачатку пасля Другой сусветнай вайны, потым — у 60-я гады. Таму выданне кніг у эміграцыі — гэта не бізнес.
Перайшоў мяжу — і адразу ўсе сталі чытаць?
Але ў “Гутэнбергу” песімістаў няма. Там увогуле лічаць, што рэпрэсіі супраць выдавецтваў былі праведзены толькі таму, што ўладам непрыемна глядзець на паспяховых беларусаў з іх прыгожымі кнігамі.
— Магчыма, для ўлад небяспечны сам факт таго, што можна быць шчаслівым і задаволеным жыццём? — разважае Андрэева.
А прыгожыя кнігі чыноўнікі заўважаюць, хоць і бяруць іх на карандаш. Вішнёў, напрыклад, кажа, што ў Мінінфарме на працягу многіх гадоў хвалілі кнігі “Галіяфаў”, перш чым закрыць выдавецтва. А кнігі Янушкевіча яшчэ ў 2019 годзе стаялі на самых бачных месцах у мінскім “Светачы”. Абодва выдаўцы прызнаюць: працаваць з дзяржаўнымі кніжнымі ніколі не было лёгка.
— “Белкніга” — гэта проста монстры, якія на самай справе не працуюць з кнігай, і асабліва — з кнігай беларускіх незалежных выдавецтваў. Па крайняй меры, гэта несістэмная праца, — кажа Вішнёў. — Кнігі заўсёды выкладаліся дрэнна, у нейкіх незразумелых месцах, у кутках. Мы ж працавалі не толькі з імі, і ёсць з чым параўнаць. З тым жа Oz.by працаваць было лёгка, яны заўсёды звярталіся па дапастаўкі, працаваў адладжаны механізм.
Але плюс магазінаў “Белкнігі” ў тым, што яны раскіданы па ўсёй краіне, таму праз іх можна было б дацягнуцца і да невялікіх гарадоў. Можна было б — але рэальныя лічбы сумныя.
Але, можа, лічбы сумныя не таму, што кнігі выкладваюцца няправільна, а таму, што гэтыя кнігі проста нікому не патрэбныя? Але калі б гэтая тэорыя была правільнай, то беларусы адрозніваліся б не толькі ад палякаў, чые кніжныя завалены польскай літаратурай розных жанраў, але і ад іншых суседзяў. Анціпаў прыводзіць прыклад: у Латвіі з насельніцтвам меншым за 2 мільёны чалавек бестселеры выходзяць тыражом у 17 тысяч асобнікаў.
— Сямнаццаць тысяч на вось гэтую двухмільённую аўдыторыю! А ў 10-мільённай Беларусі бестселерам лічылася кніга, якая разыходзіцца хаця б у 7 тысяч асобнікаў, — кажа Анціпаў. — І ўсё гэта проста таму, што ў Латвіі свабодны рынак, а выдавец можа лёгка распаўсюдзіць свае кнігі па ўсіх крамах, па ўсіх бібліятэках. У Беларусі гэта ніколі не было лёгка. Таму дзіўна казаць, што чытача ў Беларусі няма. Тады адкуль ён у Латвіі? Ты перайшоў мяжу — і адразу ўсе сталі чытаць?
У дзень прызнання сваёй уласнай кнігі экстрэмісцкай Анціпаў сказаў нам: калі цяпер прадасць яшчэ пару асобнікаў, будзе лічыць такі жэст улад дзяржаўнай падтрымкай.
— Магчыма, гэта адзіны механізм падтрымкі беларускай кнігі, які дзяржава можа мне прапанаваць.
Пры падтрымцы “Медыясеткі”