У Японіі выйшла кніга "Турэмныя запіскі пра "вучобу" ў Беларусі"

Вокладка японскай кнігі пра беларускія турмы

Вокладка японскай кнігі пра беларускія турмы / shopping.jreast.co.jp

У Японіі выйшла кніга "Турэмныя запіскі пра "вучобу" ў Беларусі". Яна з'явілася ў продажы ў інтэрнэт-крамах.

Вокладка выдання аформленая на японскай і рускай мовах. Аўтар кнігі — Кій Тэруі.

Ён піша, што прайшоў "турэмную стажыроўку працягласцю 200 дзён". Аўтар адзначае, што захапляецца здымкамі чыгунак і ў снежні 2024-га паехаў у Беларусь у пошуках новых аб'ектаў для здымак.

"Маё захапленне чыгункамі прывяло да канфлікту з міліцыяй. Падчас допыту спроба схаваць сувязь з сябрам, каб не дастаўляць яму праблем, павярнулася супраць мяне — мяне затрымалі, а затым заключылі ў турму. У адзіноце, вывучаючы рускую мову ў зняволенні, я разважаю пра сваю гендэрную ідэнтычнасць, пра адносіны з бацькам і пра жыццё ў цэлым", — апісвае ён свой твор.

Выдавец кнігі падкрэслівае, што ў ёй рэалістычна паказаныя ўмовы ўтрымання ў беларускіх турмах, допыты КДБ, шлях да вызвалення і памілавання.

Акурат у снежні 2024-га ў Беларусі паведамлялася пра затрыманне японскага трэвел-блогера "Этэру" (Ether2Kly), які цікавіцца чыгункамі. Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі пісала, што блогера затрымалі за здымкі аўтадарожнага моста над чыгункай у Гомельскай вобласці. На волю яго выпусцілі ў чэрвені 2025 года па памілаванні разам з групай іншых палітвязняў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.