Бяляцкі, Калеснікава, Курс — АПК узнагародзіў медалямі 14 беларусаў і ўкраінцаў
Алесь Бяляцкі пасля вызвалення / lookby.media
Напярэдадні Дня Волі Аб'яднаны пераходны кабінет (АПК) прыняў рашэнне пра новае ўзнагароджванне 14 выбітных асобаў.
Як паведамляе прэс-служба АПК, іх кандыдатуры вылучылі грамадскія арганізацыі ды актывісты. Пастановы па ўзнагароджанні 21 сакавіка падпісала кіраўніца АПК Святлана Ціханоўская.
Крыжам Свабоды ўзнагароджаны праваабаронца, экс-палітвязень, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі.
Навуковец, палітык, грамадскі дзеяч і канцлер Вольнага Беларускага ўніверсітэта Аляксандр Мілінкевіч адзначаны медалём Францыска Скарыны.
Медалём "Гонар і Годнасць" узнагароджаны грамадскі актывіст, вайсковец, дзяржаўны дзеяч Сяргей Багукалец.
Экс-палітзняволеная Марыя Калеснікава адзначаная медалём "Няскораных" (Ларысы Геніюш) — за асабістую адвагу і стойкасць.
Медаль "За плённую працу на карысць Беларусі" атрымліваюць:
— украінскі дыпламат, амбасадар у Беларусі Ігар Кізім;
— украінскі палітолаг, дырэктар Інстытута сусветнай палітыкі Яўген Магда;
— украінскі царкоўны гісторык, дырэктара Інстытута гісторыі Царквы Украінскага каталіцкага ўніверсітэта Алег Турый;
— беларуская пісьменніца і журналістка Святлана Курс;
— вайсковы капелан ПЦУ Яўген Орда;
— доктарка біблістыкі, актывістка беларускай дыяспары ў Вялікабрытаніі Караліна Мацкевіч;
— беларуская акторка Крысціна Дробыш;
— беларускі актор Ігар Сігоў;
— беларуская паэтка і вядоўца Валярына Кустава;
— беларускі актор і вядоўца Сяргей Чуб.