За Пачобутам цяпер стаіць цэлая дзяржава — Бяляцкі

Анджэй Пачобут і Алесь Бяляцкі

Анджэй Пачобут і Алесь Бяляцкі / "Радыё Свабода"

Досвед Анджэя Пачобута, які з'ездзіў у Беларусь і ў снежні плануе вярнуцца на радзіму, — унікальны і рызыкоўны. Для іншых палітычных і грамадскіх актывістаў вяртанне ў Беларусь азначае гарантаваны тэрмін зняволення. Такое меркаванне праваабаронца Алесь Бяляцкі, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, выказаў у гутарцы з выданнем "Зеркало".

"Досвед Пачобута ўнікальны, таму што за ім цяпер стаіць цэлая дзяржава. Эканамічныя, палітычныя адносіны з Польшчай завязаны на Андрэю. І ён, вядома, на сваім лёсе адчувае гэтыя адносіны. Сёння яны нармальныя, а заўтра, калі будуць горшыя, што з ім будзе?" — кажа праваабаронца.

На яго думку, Пачобут вядзе небяспечную гульню, бо другім гульцом з'яўляецца "непрадказальная сістэма, якая лічыць цябе расходным матэрыялам".

Бяляцкі не бачыць магчымасці сёння вярнуцца ў Беларусь ні для сябе, ні для іншых грамадскіх актывістаў, бо ўлады пераследуюць любую актыўнасць.

"Заводзяцца крымінальныя справы супраць актывістаў, якія пастаянна жывуць за мяжой. Некалькі тысяч такіх справаў распачалі за гэтыя гады. У жніўні была распачатая крымінальная справа супраць мяне", — адзначае ён.

Праваабаронца ўпэўнены, што яго па вяртанні ў Беларусь адразу ж зноў пасадзяць: "Гэта ўжо 100%, тут нават без шанцаў. Таму зараз будзе больш эфэктыўна, калі я пажыву недзе за межамі Беларусі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.