“Гэта можна лічыць купляй крадзенага”. Разбор здзелкі вакол калійнага камбіната

Калійны камбінат. Ілюстрацыйнае фота

Калійны камбінат. Ілюстрацыйнае фота / LookByMedia

— Я не ўпэўненая, што амерыканцы гатовыя купляць тое, што, дэ-факта, ужо адзін раз прададзена кітайцам,сцвярджае ў эфіры Еўрарадыё аглядальніца Вольга Лойка, разважаючы на тэму пэўнай калійнай здзелкі паміж Аляксандрам Лукашэнкам і Дональдам Трампам.

Ужо некалькі месяцаў у СМІ абмяркоўваецца продаж беларускага калійнага камбіната ЗША. Называецца сума ў 3 мільярды долараў. Але пакуль мы гэта чуем выключна з вуснаў Аляксандра Лукашэнкі. Амерыканскі бок маўчыць.

У эфіры Еўрарадыё Вольга Лойка нагадала гісторыю з’яўлення другога камбіната ў Беларусі, кітайскія крэдыты і ролю Міхаіла Гуцэрыева. У гэтым складаным клубку праблем спрабуем знайсці інтарэсы бакоў.

— Паводле першапачатковых дамоўленасцяў на 20 гадоў амаль увесь прадукт "Слаўкалія" павінен быў ісці ў Кітай. Пад гэта Кітай даў крэдыт каля мільярда долараў. Амаль увесь ён быў выкарыстаны, праект быў практычна рэалізаваны да канца. Камбінат павінны былі ўвесці ў эксплуатацыю ў 2022 годзе.

Наколькі цяпер рэальна гэта перапрадаць? Я ўжо маўчу, што па-добраму, калі яго прадаць, то трэба было б Міхаілу Гуцэрыеву вярнуць укладзеныя ім грошы. Прычым ён жа таксама не па сваёй волі выйшаў з праекта. Ён не змог яго працягваць па цалкам аб’ектыўных прычынах. Адкуль ён мог ведаць, што той жа Лукашэнка ў 2020 годзе распачне генацыд беларускага народа? Ён нібыта таксама ахвяра. Ну не для Лукашэнкі, вядома. Лукашэнка відавочна лічыць, што ён яму нічога не павінен, — разважае Лойка.

“Это можно считать покупкой краденого”. Разбор сделки вокруг калийного комбината

У сувязі з гэтым навошта амерыканцам купляць камбінат, які фактычна кітайскі з аднаго боку, а з другога там яшчэ і грошы алігарха Гуцэрыева? Так можна і на ноту ад пасла Кітая нарвацца.

— Навошта амерыканцам такі праблемны актыў за 3 мільярды долараў? І, уласна, мы ад амерыканцаў пакуль не чулі такіх намераў — наўпрост купіць гэты праект. Так, гэта Лукашэнка казаў ужо, напэўна, трэці ці чацвёрты раз, што мы б прадалі.

Але дамовіцца заўсёды можна. Калі амерыканцы купяць і разлічацца па даўгах з Кітаем, то чаму не? Магчыма, Кітаю таксама прасцей атрымаць хоць нешта, зафіксаваць страты і ўжо выйсці з тым, з чым атрымаецца. А не цалкам страціць усе ўкладзеныя грошы, застацца ні з чым і з мінус 800 мільёнаў долараў.

Але з Кітаем тое, што гэта будзе менавіта купля, — я вельмі сумняваюся, — кажа Вольга Лойка.

А можа Дональд Трамп хоча такім чынам адарваць у кітайцаў такі салодкі кавалак?

— Гэта можна лічыць купляй крадзенага, можна лічыць гэта схемамі ці "вясковай кемлівасцю". Выглядае гэта так сабе. Я не ведаю, як з кітайцамі аформлена дамоўленасць пра ануляванне здзелкі. Ці ёсць там разрыў, ці ёсць нейкая магчымасць замарозкі. Таму я не думаю, што амерыканцы будуць так дробна сварыцца з Кітаем. Дзіўна было б, калі б канфлікт паміж ЗША і Кітаем разгарэўся з-за вельмі невялікай сумы ў маштабах дзвюх звышдзяржаў.

Давайце пачакаем хоць нейкага інтарэсу з боку амерыканцаў, пакуль выразна пра гэта ніхто з іх не казаў. Жаданне Лукашэнкі атрымаць 3 мільярды вельмі зразумелае, яно тлумачальнае. І проста ў гэты момант адчуваецца, наколькі гэта для яго важна, — сцвярджае аглядальніца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.