Грамадзянам Таджыкістана абяцаюць на Гродзеншчыне заробкі па 750-1200 долараў
Дэлегацыя з Таджыкістана ў Гродне / Міністэрства працы, міграцыі і занятасці Таджыкістана
У фірмах Гродзенскай вобласці грамадзяне Таджыкістана атрымаюць працу з заробкам 750-1200 долараў. На такое паведамленне Міністэрства працы, міграцыі і занятасці Таджыкістана звярнула ўвагу беларускае выданне "Позірк".
Адпаведная дамоўленасць была дасягнутая падчас візіту прадстаўнікоў таджыкістанскага Агенцтва па працаўладкаванні за мяжой у Гродзенскую вобласць Беларусі.
Гаворыцца, што працу замежнікам дадуць больш за дзесяць кампаній Гродзеншчыны. Ім прапануюцца працоўныя месцы ў будаўніцтве, сельскай гаспадарцы, тэкстыльнай прамысловасці, вытворчасці, цяжкай прамысловасці, сферы паслуг і на транспарце. У прыватнасці, гаворка ідзе пра такія арганізацыі, як ААТ "Гранітэкс", "Белкард", агракамбінат "Скідзельскі", "Гроднапрамбуд", "Гроднааблаўтатранс", "Цветліт", аўтобусны парк Гродна і птушкафабрыку "Гродна". Таксама абмяркоўвалася праца ў фермерскіх гаспадарках і на прадпрыемстве "Гродзенскі сад".
Беларусь цягам апошніх гадоў адчувае недахоп працоўных рук. Дзеля гэтага ўлады прыцягваюць працоўныя рэсурсы з-за мяжы. За апошнія месяцы ў краіне ўвесь час павялічвалася колькасць вакансій для замежных грамадзян. Цяпер на партале Дзяржаўнай службы занятасці прапануецца 17 992 такія вакансіі, на 23 кастрычніка іх было 17 894 , 15 кастрычніка — 16 779.