"Па вушы ўграз у крэдытаванні ВПК". З "Белінвестбанка" знялі санкцыі
ЗША знялі санкцыі з "Белінвестбанка", праз які праганяюцца сродкі ваенна-прамысловага комплексу Беларусі / vgr.by
19 сакавіка 2026 года спецыяльны пасланнік ЗША Джон Коўл абвясціў пра зняцце амерыканскіх санкцый з "Белінвестбанка" і шэрагу іншых арганізацый. Гэта частка здзелкі за вызваленне 250 палітвязняў.
Ініцыятыва BELPOL сцвярджае, што "Белінвестбанк" — ключавы фінансавы інструмент рэжыму Лукашэнкі, які непасрэдна крэдытуе вытворчасць боепрыпасаў і кампанентаў узбраення, што пастаўляюцца ў Расію для працягнення вайны супраць Украіны. Адпаведныя дакументы яны прадставілі ў сваім відэа.
Паводле дадзеных BELPOL, банк "па вушы ўграз у крэдытаванні прадукцыі ваеннага прызначэння". Сярод асноўных напрамкаў фінансавання называюцца вытворчасць дэталяў і гатовых боепрыпасаў калібраў 122 мм і 152 мм.
Грунтуючыся на лісце міністра прамысловасці Пятра Рагожніка і пастанове Савета Міністраў РБ "Аб фінансаванні вытворчых арганізацый" (грыф "для службовага карыстання"), BELPOL паказвае пералік кампаній, аб’ёмы крэдытаў і ступень асваення сродкаў.
Банк крэдытуе канцэрн "Планар", які таксама знаходзіцца пад санкцыямі. Прадпрыемства вырабляе мікраcхемы ваеннага прызначэння, якія затым прадаюцца ў Расію.
Таксама "Белінвестбанк" крэдытуе холдынг "Інтэграл", які вырабляе мікраcхемы для 47 прадпрыемстваў расійскага абароннага комплексу. Кампаненты "Інтэграла" знойдзены ў абломках расійскіх ракет Х-69.