Экс-футбаліст са зборнай Беларусі год правёў у ЛПП
Міхаіл Макоўскі / by.tribuna.com
Былы гулец зборнай Беларусі па футболе амаль увесь 2025 год правёў у ЛПП — лячэбна-працоўным прафілакторыі. "Адразу было цяжка, а потым прывыкаеш. Раніцай з'ехаў, увечары — прыехаў. Мы былі такой бясплатнай працоўнай сілай: ездзілі па калгасах, на прадпрыемствы", — расказвае 48-гадовы Міхаіл Макоўскі.
Браты Макоўскія пачалі гуляць на прафесійным узроўні ў канцы 90-х. З ФК "Маладзечна" трапілі спярша ў мінскае "Дынама", а пасля — у кіеўскае. Выклікалі іх і ў зборную. Але праз алкаголь кар'еры ў абодвух імкліва пайшлі на спад.
У ЛПП Міхаіл Макоўскі трапіў пасля трох затрыманняў нападпітку на працягу аднаго года: "Выйшаў на вуліцу, іду міма супрацоўнікаў. Кажуць, падыдзі сюды. Я падышоў, сказалі дыхнуць — дыхнуў. Трэці раз, атрымліваецца, — вось і ўсё.
Я потым нідзе не адсвечваў. Знайшлі мяне, калі я ўладкаваўся на працу да прыватніка: трэба было праверыць мае даныя — у РУУС адправілі. У хуткім часе за мной прыехаў участковы".
Былога футбаліста асудзілі на год у ЛПП. Ён выйшаў датэрмінова — праз восем месяцаў. Пакаранне Макоўскі адбываў у Івацэвічах — у Брэсцкую вобласць трапіў таму, што ЛПП Мінскай вобласці аказаўся перапоўнены.
"Цяпер жыву ў Маладзечне, трэба аднавіць сілы, у ЛПП маральна моцна забіваюць", — расказвае Макоўскі. І дадае, што марыць пра вяртанне ў вялікі футбол.