Ці магчыма завяршэнне здзелкі Лукашэнкі і Трампа? Вольга Лойка сумняваецца

Размова са спецпасланнікам Белага дома ў Беларусі Джонам Коулом у Вільнюсе, Літва, 19.03.2026

Размова са спецпасланнікам Белага дома ў Беларусі Джонам Коулом у Вільнюсе, Літва, 19.03.2026 / LookByMedia

Аляксандр Лукашэнка ў чарговы раз злавіў удачу за хвост, пачаўшы год таму з Дональдам Трампам торг па вызваленні палітвязняў у абмен на зняцце амерыканскіх санкцый і легітымізацыю сваёй улады на міжнароднай арэне.

Праўда, рэалізацыя “здзелкі” ідзе павольна, і колькасць зняволеных істотна не змяншаецца.

Былая палітзняволеная і медыяменеджарка Вольга Лойка ў эфіры Еўрарадыё адзначыла, што беларуска-амерыканская “біг дыл” набліжаецца да лагічнага завяршэння. І падмануць амерыканцаў у Лукашэнкі не атрымаецца.

 

“Зняцце санкцый — гэта не кнопка «ўключыць/выключыць»”

“Я б прапанавала глядзець на тое, што адбываецца, без лішняй драматызацыі, але і без ілюзій — у той оптыцы, у якой на гэта сёння глядзяць і ў Вашынгтоне, і ў Мінску, — лічыць Лойка. — Па-першае, наконт звязкі «вызваленне людзей — зняцце санкцый». Гэта сапраўды цэнтральны элемент усёй канструкцыі, і ён з самага пачатку так і задумваўся: як абмен, хай і не аформлены юрыдычна, як здзелка”.

Пазіцыя амерыканскага боку тут даволі празрыстая: вызваленне ўсіх палітвязняў і рух да нармалізацыі адносін. Не частковыя жэсты, не сімвалічныя крокі, а менавіта сістэмнае вырашэнне праблемы. Усё астатняе — ужо надбудова.

Пры гэтым важна разумець: зняцце санкцый — гэта не кнопка “ўключыць/выключыць”.

“Нават калі гаворка ідзе пра кропкавыя паслабленні, як у выпадку з банкаўскім сектарам, гэта заўсёды абмежаваныя, абарачальныя рашэнні. Гісторыя з тым жа «Белінвестбанкам» паказвае, што гаворка ідзе не пра «дазвол на ўсё», а пра стварэнне вузкага канала для транзакцый, які можа спатрэбіцца абодвум бакам. Беларускай эканоміцы — каб хоць неяк дыхаць і праводзіць разлікі, амерыканцам — каб мець інструмент уплыву і кантролю”, — падкрэслівае госця.

Вольга не гатовая падтрымліваць наратыў пра “банк вайны” як пра нешта ўнікальнае.

“У беларускай сістэме ўсе дзяржаўныя банкі ў той ці іншай ступені абслугоўваюць дзяржаўныя прыярытэты, уключаючы і тыя сектары, якія звязаны з абаронкай.

Розніца — толькі ў маштабе і функцыях. Таму выбар канкрэтнага банка — гэта пытанне хутчэй тэхнічнае і перамоўнае, чым ідэалагічнае. Дамовіліся пра адзін — значыць, ён аказаўся зручны з пункту гледжання інфраструктуры плацяжоў і кіравальнасці рызыкамі”.

 

“Верагоднасць «біг дыл» не выглядае высокай”

Вольга Лойка лічыць, зшто ніякага поўнага зняцця санкцый без вырашэння пытання палітвязняў не будзе.

Возможно ли завершение сделки Лукашенко и Трампа? Ольга Лойко сомневается
Сустрэча палітвязняў у Вільнюсе, Літва, 19.03.2025 / Lookbymedia

Максімум — кропкавыя паслабленні, якія ў любы момант можна адкаціць. І ў гэтым сэнсе сцвярджэнне “вызвалілі людзей — санкцыі знятыя” занадта спрошчвае рэальнасць. Вызваленне — гэта неабходная, але недастатковая ўмова.

“Па-другое, наконт таймінгу і ідэі «вярнуцца за два гады», пакуль у Дональда Трампа не скончыцца тэрмін прэзідэнцтва. Так, гэта фактар, і ў Мінску яго відавочна ўлічваюць. Больш за тое, гэта, напэўна, адзін з нямногіх знешнепалітычных гарызонтаў, які наогул цяпер можна як-небудзь планаваць.

Але з гэтага не вынікае, што «вялікая здзелка» немінучая. Наадварот, верагоднасць менавіта «біг дыл», пра якую, судзячы па рыторыцы, марыць Аляксандр Лукашэнка, не выглядае высокай. Таму што чаканні бакоў прынцыпова адрозніваюцца”.

Вашынгтон хоча сістэмных змяненняў: вызвалення ўсіх палітвязняў, прадказальнасці, зніжэння залежнасці Мінска ад Масквы. Мінск жа хоча значна больш прыкладных рэчаў: лагістыкі для экспарту, перш за ўсё калію, доступу да фінансавых каналаў, магчымасці абслугоўваць знешні гандаль без пастаянных выдаткаў і рызык.

“І, што не менш важна — прызнання ўласнай суб’ектнасці, асобнасці ад расійскага кейса.
Вось на гэтым разыходжанні і ламаюцца перспектывы «здзелкі стагоддзя». Таму што для аднаго боку гэта пытанне каштоўнасцей і бяспекі, а для другога — выжывання эканамічнай мадэлі тут і цяпер”.

Таму найбольш рэалістычны сцэнарый, па меркаванні Лойка — гэта не адна вялікая здзелка, а шэраг невялікіх дамоўленасцей. Вызваленне груп людзей у абмен на кропкавыя паслабленні, пашырэнне каналаў узаемадзеяння, акуратная нармалізацыя там, дзе гэта магчыма.

“Такі паэтапны працэс, у якім кожны бок пастаянна правярае другі на гатоўнасць рухацца далей.
І ў гэтым сэнсе спешка Мінска зразумелая. Гэта спроба зафіксаваць хоць нейкі вынік, пакуль акно магчымасцей не зачынілася. Але праблема ў тым, што спроба «злавіць максімум» часта заканчваецца тым, што не атрымліваецца зафіксаваць нават мінімум.

І тут, магчыма, больш рацыянальнай стратэгіяй было б згаджацца на меншыя, але гарантаваныя крокі, чым чакаць вялікай здзелкі, якая можа так і не адбыцца”, — падсумоўвае экспертка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.