Жыхары КНДР могуць замяніць беларусаў на рынку працы? Запыталі эканамістку
Працоўныя у Паўночнай Карэе / NK news
Пасля нядаўняга, першага ў гісторыі, афіцыйнага візіту Аляксандра Лукашэнкі ў КНДР у публічнай прасторы распачалася дыскусія аб тым, што беларускі аўтакрат можа прыцягнуць у Беларусь працоўных з КНДР. Як год таму спрабаваў запрасіць 150 тысяч жыхароў Пакістана, якія так і не прыехалі.
Эканамістка і даследчыца цэнтра BEROC Анастасія Лузгіна ў размове з Еўрарадыё прапанавала разглядаць падобныя сцэнары не як хуткае рашэнне эканамічных праблем, а як частку значна больш складанай і абмежаванай палітыкі, якая ўжо прадэманстравала сваю нізкую эфектыўнасць на прыкладзе іншых краін.
“Гэта могуць быць некалькі тысяч чалавек”
Экспертка звяртае ўвагу, што сам факт сустрэч і падпісання дамоў паміж дзяржавамі яшчэ не сведчыць пра канкрэтныя дамоўленасці ў сферы працоўнай міграцыі, але адкрывае такую магчымасць.
“Нават калі на афіцыйным узроўні нічога пра прывоз працоўных не агучваецца, гэта не значыць, што падобны сцэнар увогуле выключаны. Пашырэнне супрацоўніцтва можа ўключаць і такія элементы. Аднак адразу трэба разумець, што ў выпадку Паўночнай Карэі гаворка ідзе пра вельмі спецыфічную мадэль, якая жорстка абмежавана міжнароднымі санкцыямі. На сённяшні дзень найм грамадзян КНДР у іншых краінах фармальна забаронены, і калі такія схемы і выкарыстоўваюцца, то яны адбываюцца ў абыход гэтых абмежаванняў, напрыклад, праз афармленне людзей як студэнтаў або па іншых фармальных каналах”, — зазначыла Лузгіна.
Пры гэтым, на думку суразмоўніцы, нават у выпадку рэалізацыі падобных механізмаў маштаб іх будзе абмежаваны.
“Калі глядзець на практыку іншых краін, у тым ліку Расіі, то мы не бачым там нейкіх сотняў тысяч працоўных з Паўночнай Карэі. Гаворка ідзе пра значна меншыя аб’ёмы. Таму і ў Беларусі, нават пры найбольш спрыяльным для ўлад развіцці падзей, гэта могуць быць некалькі тысяч чалавек, магчыма, да дзясятка тысяч. Гэта не тыя лічбы, якія здольны кардынальна змяніць сітуацыю на рынку працы або стаць драйверам эканамічнага росту”.
Лузгіна асобна падкрэслівае, што асаблівасць паўночнакарэйскай мадэлі ў тым, што яна не заснавана на індывідуальным выбары. У адрозненне ад большасці іншых краін, дзе людзі самі прымаюць рашэнне пра міграцыю, у КНДР гэта, хутчэй за ўсё, адбываецца цэнтралізавана.
“Калі дзяржава ставіць задачу накіраваць пэўную колькасць людзей за мяжу, яна яе выконвае. Гэта іншы механізм, але ён усё роўна не робіць такі інструмент масавым або доўгатэрмінова эфектыўным для эканомікі краіны, якая прымае”, — кажа эканамістка.
“Для нацыянальнага рынку працы гэта практычна нулявы паказчык”
На гэтым фоне асабліва паказальным выглядае досвед з Пакістанам, які ўлады Беларусі зусім нядаўна таксама разглядалі як бясконцую крыніцу працоўнай сілы.
Аднак, як адзначае даследчыца, фактычныя вынікі аказаліся мінімальнымі. “Калі звярнуцца да афіцыйнай статыстыкі, то за 2025 год у Беларусь прыехала і працавала менш за 600 грамадзян Пакістана. Для нацыянальнага рынку працы гэта практычна нулявы паказчык. Ён ніяк не ўплывае ні на ўзровень занятасці, ні на вытворчасць, ні на агульную эканамічную дынаміку. Таму казаць пра нейкі эканамічны эфект ад гэтай палітыкі не выпадае”.
Экспертка тлумачыць, што прычына такога выніку ляжыць у логіцы міграцыйных працэсаў.
“Пакістан сапраўды з’яўляецца адным з найбуйнейшых донараў працоўнай сілы ў свеце. Насельніцтва вялікае, людзі актыўна шукаюць магчымасці для працы і адукацыі за мяжой. Але яны выбіраюць тыя краіны, дзе высокія заробкі, лепшыя ўмовы жыцця і большыя перспектывы. Беларусь у гэтым сэнсе не з’яўляецца прывабным напрамкам. Яна прайграе канкурэнцыю як Еўрасаюзу, так і многім іншым краінам”.
Акрамя таго, Лузгіна звяртае ўвагу на матывацыю саміх мігрантаў. “У выпадку Пакістана гэта заўсёды індывідуальнае рашэнне. І вельмі часта Беларусь разглядаецца імі не як канчатковая мэта, а як транзітная тэрыторыя. Людзі імкнуцца трапіць у краіны Еўрасаюза, і таму не зацікаўлены ў доўгатэрміновай працы ў Беларусі. Гэта яшчэ адзін фактар, які абмяжоўвае эфектыўнасць падобных ініцыятыў”, — разважае экспертка.
У больш шырокім кантэксце эканамістка адзначае, што спробы прыцягнення працоўнай сілы з розных краін — ад Пакістана да патэнцыйна КНДР — з’яўляюцца рэакцыяй на ўнутраныя праблемы беларускай эканомікі, перш за ўсё на дэфіцыт кадраў.
“Гэты дэфіцыт узнік не сам па сабе. Ён шмат у чым звязаны з адтокам насельніцтва, у тым ліку пасля палітычных падзей апошніх гадоў. І ў гэтым сэнсе замяшчэнне ўласнай рабочай сілы замежнай выглядае як спроба кампенсаваць наступствы ўнутранай палітыкі, а не вырашыць праблему ў яе аснове”.
Сімвалічныя крокі, а не рэальныя эканамічныя рашэнні
У міжнароднай практыцы працоўная міграцыя сапраўды можа быць эфектыўным інструментам, але толькі пры пэўных умовах.
“Як правіла, людзі едуць у краіны, дзе ёсць высокая аплата працы, стабільнасць, бяспека і зразумелыя правілы. Гэта краіны Еўрасаюза, ЗША і іншыя развітыя эканомікі. Там працоўная міграцыя носіць узаемавыгадны характар і дапамагае кампенсаваць дэмаграфічныя праблемы. У Беларусі ж пакуль няма гэтых базавых фактараў прывабнасці”, — кажа Лузгіна.
У якасці альтэрнатывы яна называе ўнутраныя змены, якія маглі б мець значна большы эфект. “Калі б змянілася палітычная і эканамічная сітуацыя ў краіне, гэта магло б спрыяць вяртанню часткі беларусаў, якія з’ехалі. Акрамя таго, паляпшэнне іміджу краіны і ўмоў для бізнесу зрабіла б яе больш прывабнай і для замежных работнікаў. У такім выпадку міграцыя была б натуральнай і не патрабавала б штучных, часта неэфектыўных схем”.
Цяперашняя палітыка беларускай аўтакратыі не дае істотнага эканамічнага выніку. “Ні досвед з Пакістанам, ні патэнцыйныя сцэнары з Паўночнай Карэяй не могуць разглядацца як сур’ёзны інструмент стабілізацыі або росту эканомікі. Гэта лакальныя меры з вельмі абмежаваным эфектам. Без сістэмных унутраных змен яны не здольныя істотна паўплываць на сітуацыю і застаюцца хутчэй сімвалічнымі крокамі, чым рэальным эканамічным рашэннем”, — падсумоўвае экспертка.