Паміж Польшчай і Расіяй. Як змянілася мабільнасць беларускіх студэнтаў у апошнія гады

Моладзь падчас святкавання школьнага выпускнога

Моладзь падчас святкавання школьнага выпускнога / LookByMedia

За апошнія гады сістэма вышэйшай адукацыі ў Беларусі моцна змянілася. На гэта паўплывалі палітычны крызіс у краіне і агульная напружанасць, звязаная з пагрозай вайны. У выніку ўсё больш маладых людзей вырашаюць атрымліваць адукацыю за мяжой — цяпер там вучацца каля 29 тысяч беларусаў.

Гэтыя змены добра відаць у даследаванні, прысвечаным адукацыйнай актыўнасці беларусаў, якое падрыхтаваў Інстытут палітычных даследаванняў “Палітычная сфера”.

Еўрарадыё распавядае, як за апошнія гады змяніліся прыярытэты і планы беларускай моладзі.

 

Адукацыйны разварот на Захад

Геаграфія краін, куды едуць вучыцца беларусы, фактычна перавярнулася. Гэта можна назваць сапраўдным адукацыйным разваротам у бок Захаду.

Польшча і Расія па-ранейшаму застаюцца галоўнымі напрамкамі — разам яны прыцягваюць больш за 76% беларускіх студэнтаў. 

Паміж Польшчай і Расіяй. Як змянілася мабільнасць беларускіх студэнтаў у апошнія гады
Моладзь падчас святкавання школьнага выпускнога / LookByMedia

Але баланс паміж імі змяніўся вельмі істотна. Доля Расіі ўпала прыкладна з 70% да 32%, а Польшча, наадварот, стала лідарам — яе вага вырасла з 11% да 44%.

Акрамя іх, ёсць яшчэ тры краіны (Германія, Літва і Чэхія), у якія паехалі падлеткі. У кожнай з іх вучыцца больш за тысячу беларусаў. У выніку гэтая пяцёрка краін ахоплівае больш за 90% беларускіх студэнтаў за мяжой.

Польшча цяпер — галоўны цэнтр прыцягнення беларускай моладзі. І гэта лёгка растлумачыць: там дастаткова зручныя ўмовы для вучобы.

З 2013 года колькасць беларускіх студэнтаў у польскіх універсітэтах вырасла больш чым утрая і ў 2023 годзе дасягнула піку — каля 12,7 тысячы чалавек. Вялікую ролю сыграла магчымасць вучыцца бясплатна для тых, хто ведае польскую мову на ўзроўні С1, а таксама адкрытасць польскага рынку працы.

Але пасля 2023 года рост спыніўся — нават назіраецца невялікае зніжэнне цікавасці. Гэта можа быць звязана з тым, што хваля палітычнай міграцыі стала слабейшай, а бюракратычныя працэдуры ўскладніліся — у тым ліку з’явіліся новыя патрабаванні да моўных сертыфікатаў.

Даследчыкі лічаць, што пік ужо пройдзены, і ў бліжэйшыя гады колькасць студэнтаў у Польшчы будзе трымацца прыкладна на ўзроўні 11,5–12,5 тысячы.

Сітуацыя з Расіяй выглядае зусім інакш: колькасць беларускіх студэнтаў там скарацілася з 24 тысяч да прыкладна 10,5 тысячы.

Паміж Польшчай і Расіяй. Як змянілася мабільнасць беларускіх студэнтаў у апошнія гады
Урачыстая лінейка падчас школьнага выпускнога / LookByMedia

Пры гэтым рост у мінулым у значнай ступені тлумачыўся тым, што там шырока выкарыстоўваюцца дыстанцыйныя формы навучання і практычна няма жорсткага кантролю за якасцю адукацыі.

Больш за 70% беларусаў у расійскіх універсітэтах вучацца завочна або ў змешаным фармаце. Эксперты часта кажуць, што ў такіх выпадках гаворка ідзе хутчэй пра фармальнае атрыманне дыплома, без глыбокага ўключэння ў студэнцкае і акадэмічнае жыццё.

Дзяржава ў Расіі фінансуе толькі каля 15% беларускіх студэнтаў, астатнія вучацца за свае грошы. Пры гэтым цікавасць да завочнага навучання паступова падае.

 

Жадаючых ехаць у Паўночную Еўропу ўсё меней

Сярод новых напрамкаў з найбольш хуткім ростам асабліва вылучаецца Славакія — яна стала лідарам па тэмпах павелічэння колькасці беларускіх студэнтаў.

Калі ў 2013 годзе там вучыліся ўсяго 18 чалавек, то ў 2024 годзе — ужо больш за 400. Таксама прыкметна расце колькасць беларусаў у Турцыі, Сербіі, Эстоніі і Чэхіі.

Чэхія прываблівае магчымасцю бясплатна вучыцца на чэшскай мове. Праўда, пасля 2022 года з меркаванняў бяспекі там увялі сур’ёзныя абмежаванні для беларусаў на тэхнічныя спецыяльнасці.

Турцыя таксама паступова становіцца новым цікавым кірункам: цяпер там ужо больш за сто беларускіх студэнтаў.

У той жа час ёсць краіны, куды беларусы едуць усё радзей. Гэта ў першую чаргу краіны Заходняй і Паўночнай Еўропы. Сярод іх — Вялікабрытанія, Францыя, Швецыя, Нарвегія і Данія.

Прычыны тут даволі зразумелыя: вельмі высокія выдаткі на навучанне і жыццё, складаныя візавыя працэдуры і абмежаваныя магчымасці застацца працаваць пасля вучобы.

Таксама істотна скарацілася колькасць беларускіх студэнтаў у Латвіі і ва Украіне. У выпадку Украіны гэта відавочна звязана з вайной. 

А вось у Латвіі спад пачаўся яшчэ да 2022 года — магчыма, праз унутраныя праблемы ў сістэме адукацыі або змены ў дзяржаўнай палітыцы.

Паміж Польшчай і Расіяй. Як змянілася мабільнасць беларускіх студэнтаў у апошнія гады
Моладзь на беразе Свіслачы падчас святкавання школьнага выпускнога / LookByMedia

Даследчыкі адзначаюць, што краіны Усходняй і Цэнтральнай Еўропы становяцца больш прывабнымі дзякуючы сваёй блізкасці, больш нізкімі выдаткамі і больш адкрытым рынкам працы ў параўнанні са “старой” Еўропай. Для многіх беларусаў вучоба ў Польшчы ці Літве — гэта не толькі адукацыя, але і першы крок да далейшай працы і жыцця ў Еўропе.

Пры гэтым у Германіі сітуацыя амаль не змяняецца: там ужо шмат гадоў вучацца каля 1600 беларусаў. Гэта паказвае, што цікавасць да нямецкай адукацыі стабільная, але не расце.

Самым уразлівым напрамкам сярод асноўных краін эксперты называюць Літву. Колькасць беларускіх студэнтаў там вельмі моцна залежыць ад Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта — у ім вучацца каля 75% усіх беларусаў у гэтай краіне. А з улікам прызнання яго “экстрэмісцкім фарміраваннем” істотныя змены непазбежныя.

Калі зменіцца палітыка літоўскіх улад, знікнуць спецыяльныя стыпендыі або скароціцца фінансаванне ўніверсітэта, гэта можа істотна паменшыць агульную колькасць беларускіх студэнтаў у Літве.

Пасля 2022 года беларусы ў прынцыпе перасталі быць самай вялікай групай замежных студэнтаў у Літве. Цяпер гэта месца занялі ўкраінцы. 

Паводле прагнозаў даследчыкаў, да 2026 года агульная колькасць беларускіх студэнтаў за мяжой, хутчэй за ўсё, стабілізуецца — прыкладна на ўзроўні 27–29 тысяч чалавек.

Новая геаграфія навучання, дзе Еўропа выразна пераважае над Расіяй, з вялікай верагоднасцю захаваецца і ў бліжэйшыя гады.

Галоўныя прычыны, па якіх Еўропа застаецца прывабнай, — гэта якасць адукацыі, прызнанне дыпломаў і рэальныя шанцы знайсці працу пасля вучобы.

Расія, хутчэй за ўсё, захавае сваю долю — каля траціны ўсіх студэнтаў — у асноўным дзякуючы дыстанцыйнаму навучанню і адсутнасці моўнага бар’ера.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.