Хакерская атака на Варшаўскі ўніверсітэт магла зачапіць і студэнтаў з Беларусі

Хакер, ілюстрацыйнае фота

Хакер, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Варшаўскі ўніверсітэт паведаміў пра хакерскую атаку, яна можа зачапіць і студэнтаў з Беларусі. У даркнэце апынуліся асабістыя даныя: імёны і прозвішчы, даты нараджэння, грамадзянства, нумары пасведчанняў асобы і пашпартоў, адрасы пражывання, нумары тэлефонаў ды іншае.

Злачынцы выпампавалі прыкладна 850 Гб даных, з якіх 200 Гб утрымліваюць канфідэнцыйную інфармацыю. Узлом мог адбыцца яшчэ ў студзені ці ў лютым. Хакеры карысталіся дзейнымі логінам і паролем, таму доўгі час заставаліся незаўважанымі.

Большасць скапіяваных файлаў паходзіла з двух падраздзяленняў універсітэта: факультэта сучасных моваў і літаратуры ды факультэта дастасоўных сацыяльных навук і рэсацыялізацыі. Маючы доступ да базы, можна даведацца, якія грамадзяне Беларусі навучаліся там ці працягваюць навучацца цяпер.

Але, як запэўнілі Еўрарадыё ў сакратарыяце Праграмы Каліноўскага, выцечка не закранула беларускіх студэнтаў гэтай праграмы. У профілях, якія аказаліся ў руках хакераў, няма пазнак, ці належыць студэнт да Праграмы Каліноўскага

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.