У Літву не пусцілі рэйсавы аўтобус з Мінска
На літоўскай мяжы, ілюстрацыйнае фота / vsat.lrv.lt
5 траўня рэйсавы аўтобус, які ехаў з Мінска ў Коўна, не прапусцілі ў Літву. Гэта адбылося ў выніку абмежаванняў на ўвоз паліва з Беларусі, якія пачалі дзейнічаць у Літве з 3 траўня.
У гутарцы з журналістамі выдання "Зеркало" адзін з пасажыраў расказаў, што іх аўтобус не змог праехаць праз літоўскую мяжу. Рэйс адправіўся з аўтавакзала "Цэнтральны" ў 04:00.
"Аўтобус не прапусцілі праз мяжу літоўскія мытнікі ў пункце пропуску "Мядзінінкай". Нам сказалі, што не паедзем далей праз паліва, больш нічога не тлумачылі. Давялося выклікаць таксі да Вільні з найбліжэйшай запраўкі з боку Літвы. Ці прапусцілі аўтобус пасля, не ўяўляю: трэба было спяшацца на самалёт", — кажа пасажыр.
Паводле яго, перавозчык не прапанаваў ніякай кампенсацыі за ўзніклыя нязручнасці.
Журналіст пад выглядам працадаўцы аднаго з пасажыраў звязаўся з кампаніяй "Інтэркарс", якая прадавала квіткі на рэйс. Там пацвердзілі, што аўтобус сапраўды не прапусцілі праз літоўскую мяжу. А па кампенсацыю параілі звярнуцца адразу да перавозчыка — кампаніі "ІП Баертранс". Аднак там на тэлефанаванні ніхто не адказаў.
Новыя абмежаванні пачалі дзейнічаць у Літве з 3 траўня. Цяпер увозіць з Беларусі ці Расіі паліва ў стандартных баках транспартных сродкаў забаронена, калі яго аб'ём перавышае 200 літраў. Абмежаванне будзе дзейнічаць да 31 снежня 2027 года.