Мільён долараў за дзень — столькі расійская чыгунка зарабляе на транзіце калію з РБ
Прадукцыя "Беларуськалія"
За транзіт вагона з 68 тонамі калійных угнаенняў ад Салігорска да порта Усць-Луга і назад расійская чыгунка (РЖД) паводле тарыфаў на лістапад 2026 года атрымлівае 185 тысяч расійскіх рублёў, або $2240. калі б такі вагон ішоў да Клайпеды, літоўская чыгунка LTG па сваім цяперашнім тарыфе ўзяла б за яго амаль удвая менш — €1144 ($1285). Такое параўнанне прыводзіць "Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі".
Транзіт праз Клайпеду закрыты для беларускіх калійных угнаенняў з 1 лютага 2022 года ў выніку санкцый. "Супольнасць чыгуначнікаў" паглядзела, колькі даводзіцца плаціць за адпраўку тавараў праз расійскі порт, і параўнала, колькі давялося б плаціць за транзіт праз Літву.
У 2025 годзе "Беларуськалій" адправіў праз парты РФ 8,68 млн тон калійных угнаенняў, а вытворцы нафтапрадуктаў — 2,59 млн тон. РЖД атрымлівае з гэтых перавозак ад $327 да $383 млн у год, ці каля 1 мільёна долараў за дзень. Гэта больш, чым да 2022 года атрымлівалі за транзіт беларускіх калійных угнаенняў Літоўская чыгунка, тэрмінал BKT і порт Клайпеды разам узятыя (€170 млн у год).
Дастаўка тоны калійных угнаенняў да Усць-Лугі па чыгунцы каштуе $54. Дастаўка да Клайпеды паводле цяперашніх тарыфах уклалася б у $36 — на траціну меней. З гэтых $54 РЖД атрымлівае $33, што ў 1,7 разу больш, чым узяла б цяпер LTG.
Розніца ў дастаўцы нафтапрадуктаў не так уражвае, але і тут расійскі маршрут абыходзіцца даражэй: дастаўка чыгункай каштуе на $4-7 за тону болей, а разам з перавалкай кошт падымаецца на $10-18. Перавалка ў расійскіх партах каштуе ў 1,8-2,8 разу больш, чым у Клайпедзе.