МЗС Латвіі ўнесла ў кабмін праект забароны на транзіт расійскага і беларускага збожжа

Збожжа, фота ілюстрацыйнае

Збожжа, фота ілюстрацыйнае

МЗС Латвіі ўнесла ў кабмін праект забароны на транзіт расійскага і беларускага збожжа праз тэрыторыю краіны, заўважыў Reform.news. Законапраект быў апублікаваны на інфармацыйна-прававым партале Латвіі.

У кастрычніку МЗС краіны прадставіла ўраду тры магчымыя сцэнарыі забароны транзіту збожжа. Адзін з іх прадугледжваў увядзенне забароны на ўзроўні Еўрапейскага саюза шляхам прыняцця адпаведных санкцый ЕС.

Латвія прасоўвала гэтае пытанне ў ходзе перамоў з інстытутамі Еўрасаюза і дзяржавамі-членамі на розных узроўнях. Але дастатковай падтрымкі з боку краін ЕС знайсці не ўдалося. Таму МЗС падрыхтавала праект увядзення нацыянальных санкцый.

Ведамства адзначае, што ўвядзенне нацыянальных санкцый звязана і з эканамічнымі рызыкамі. Сярод іх — магчымыя судовыя разбіральніцтвы з-за выканання ўжо заключаных дагавораў, уплыў на транспартную і лагістычную галіны, а таксама даходы дзяржаўнага бюджэту.

 

З чаго ўсё пачыналася

Транзіт збожжавых з Расіі праз Латвію за дзесяць месяцаў гэтага года павялічыўся ўтрая ў параўнанні з аналагічным перыядам 2025 года, піша латвійскае выданне LSM.

У пачатку верасня ўрад дазволіў Харчова-ветэрынарнай службе праводзіць лабараторныя праверкі паходжання транзітнага збожжа. Гэта было звязана з заявай Украіны аб тым, што праз Беларусь транзітам перавозіцца значны аб'ём збожжа, вырашчанага на часова акупіраваных Расіяй тэрыторыях.

У канцы верасня латвійскі Сейм заклікаў урад распрацаваць правілы, якія не дапускалі б увозу ў Латвію расійскага і беларускага збожжа, у тым ліку транзітам.

 

Латвія была не першай

Напачатку кастрычніка аналагічнае рашэнне прыняла Эстонія. У МЗС Эстоніі дадалі, што транзіту расійскага збожжа праз Эстонію да гэтага часу практычна не было. Але Расія шукае новыя экспартныя маршруты і выказвае цікавасць да выкарыстання эстонскіх партоў. Прэвентыўная забарона перашкодзіць стварэнню новага транзітнага маршруту для расійскага збожжа, вырашылi ў краiне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.