"З кім мне размаўляць?" Сяргей Ціханоўскі растлумачыў, чаму не пераходзіць на беларускую
Сяргей Ціханоўскі
Беларускі блогер Сяргей Ціханоўскі даў інтэрв'ю расійскай журналістцы Ірыне Шыхман. Адной з тэм размовы стала мова. Шыхман заўважыла, што Святлана Ціханоўская пасля пачатку вайны ва Украіне перайшла на беларускую, і спытала, чаму сам Ціханоўскі працягвае размаўляць па-руску.
Блогер адказаў, што не падтрымлівае адмову ад рускай культуры з-за вайны.
"Можа быць, мяне будуць крытыкаваць, але я маю сваё меркаванне, і я лічу, што сціраць рускую культуру толькі з-за вось гэтых дзеянняў пуцінскага рэжыму — творы літаратуры, мастацтва — я гэта не падтрымліваю", — сказаў ён. У прыклад Ціханоўскі прывёў нямецкіх класікаў, якіх, паводле яго слоў, не перасталі чытаць пасля Другой сусветнай вайны.
"Я не падтрымліваю вайну", — падкрэсліў ён. Ціханоўскі дадаў, што бачыць украінцаў у Літве, Польшчы і ЗША, якія ў асноўным размаўляюць па-руску, але вайну пры гэтым не падтрымліваюць.
Паводле яго слоў, у старэйшых класах і ў пачатку вучобы ва ўніверсітэце ён размаўляў па-беларуску з таварышам-апазіцыянерам, але пасля таго як той з'ехаў у Польшчу, у яго асяроддзі не засталося нікога, хто размаўляў бы па-беларуску. "З кім мне размаўляць? Навошта мне прыкідвацца?" — сказаў Ціханоўскі.
Ён адзначыў, што таксама выступае за падтрымку беларускай мовы, але, на яго думку, "да аўдыторыі трэба звяртацца на той мове, на якой яна цябе чуе і разумее".
"Калі 98% беларусаў размаўляюць па-руску, на якой мове я павінен да іх звярнуцца?" — дадаў блогер.