Вельмі крыўдна і непрыемна — Ціханоўская пракаментавала выпады з боку мужа

Святлана Ціханоўская

Святлана Ціханоўская / LookByMedia

Святлана Ціханоўская ўпершыню публічна выказалася наконт крытыкі, з якой выступае яе муж Сяргей.

Ціханоўскі ў сваіх сацсетках і відэа неаднаразова крытыкаваў жонку і яе атачэнне — Офіс Ціханоўскай. Сярод іншага ён ставіў пад сумнеў яе легітымнасць і называў яе выпадковай асобай у падзеях 2020 года.

У інтэрв'ю Deutsche Welle Святлана Ціханоўская падкрэсліла важнасць канструктыўнай крытыкі ў дэмакратычных структурах і наяўнасць сустрэчных прапановаў: "Але я ні ў якім разе не магу падтрымаць той стыль зносін Сяргея, які прыніжае годнасць, на жаль. Але я не магу за гэта несці адказнасць, бо яму тут не загадаеш, яго не папросіш, яму не скажаш. Усё ж такі ён дарослы і самастойны чалавек".

Разам з тым яна адзначае ролю мужа ў гісторыі Беларусі: "Яго ўклад у гісторыю свабоднай Беларусі, дэмакратычнай, не выкрасліш, нікуды не дзенеш. Ён лідар пратэсту, ён такім і з'яўляецца. Але гэты чалавечы, палітычны капітал, які ў яго ёсць і быў, мне хацелася б, каб быў накіраваны ў канструктыўнае рэчышча".

Ціханоўская звярнула ўвагу, што скандалы радасна падхоплівае лукашэнкаўская прапаганда. Шукаючы апісанне для сітацыі, яна задумалася: "Чым замяніць слова "срач"? Не ведаю, яно ўжо шырока выкарыстоўваецца".

Мэтай дзейнасці Ціханоўскага яна лічыць свабодную дэмакратычную Беларусь, свабодныя выбары, магчымасць вярнуцца на радзіму. "Ён жа не працуе на рэжым. Але менавіта ўнясенне разладу ў дэмакратычнае грамадства не ідзе нам на карысць. І мне ад гэтага вельмі крыўдна і непрыемна", — дадала Ціханоўская. Яна хоча, каб такія канфлікты вырашаліся ў закрытым фармаце, а не публічна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.