Спадзяюся на яшчэ адно вызваленне палітвязняў да канца года — Ціханоўская
Святлана Ціханоўская / Euroradio
Да канца 2026 года можа быць вызваленая яшчэ частка беларускіх палітвязняў. Пра гэта лідарка дэмакратычных сілаў Святлана Ціханоўская расказала ў інтэрв'ю "Нашай Ніве".
"Я ведаю, што спецпасланнік ЗША па Беларусі Джон Коўл працягвае сваю працу. Ён не выходзіць і публічна пра гэта не расказвае, але, як мы ведаем, некаторыя працэсы патрабуюць цішыні. У амерыканцаў ёсць яшчэ інструменты, як вызваляць людзей. Яны гэтымі інструментамі карыстаюцца, і Джон Коўл — вельмі таленавіты перамоўшчык. Так што працэс не спыніўся. І ёсць палітычная воля яго працягваць", — заявіла Ціханоўская.
Яна патлумачыла, што вельмі асцярожна агучвае гэты прагноз, бо "мы разумеем, што такія перамовы, асабліва з дыктатарамі, з рэжымам, ідуць досыць цяжка". Таксама лідарка дэмакратычных сілаў дадала, што рэжым Лукашэнкі ніколі не заяўляў, што не гатовы абменьваць тых ці іншых вязняў: "І мы бачылі, што вызваляюць людзей з розных спісаў. Пра некаторых мы зусім не меркавалі, што іх выпусцяць, але яны ўжо на волі. Там свой падыход і логіка".
Ціханоўская згадала, што цяпер мандат Коўла пашырыўся (Трамп прызначыў яго спецпасланнікам па справах закладнікаў). Таму ёсць засцярогі, што ў яго будзе менш часу на Беларусь. На думку лідаркі дэмакратычных сілаў, у такой сітуацыі ўзрастае роля саміх беларусаў, якія павінны нагадваць свету пра сябе:
"Зараз у ЗША ёсць пэўныя змены пасля выбараў у парламент, і трэба працаваць з парламентам, каб тэма беларускіх палітвязняў была там на парадку дня. Мы павінны заўжды абнаўляць даныя пра рэпрэсіі, даносіць, што яны працягваюцца, казаць пра колькасць людзей у турмах".