“Шарлі” — вось чаго можаце дачакацца”. Ціханоўскі намякае незалежным СМІ на расправу
Падчас стрыму палітык некалькі разоў паўтарыў назву французскай газеты, на рэдакцыю якой напалі тэрарысты / LookByMedia
Блогер Сяргей Ціханоўскі падчас стрыму на YouTube некалькі разоў паўтарыў, што рэдакцыі беларускіх незалежных медыя можа чакаць лёс французскага сатырычнага часопіса Charlie Hebdo. Нагадаем, што падчас нападу на рэдакцыю ў 2015 годзе загінулі 12 чалавек, а 11 былі параненыя.
"Сябры, „Шарлі“ — вось чаго можаце дачакацца. Донары — гэта не самае страшнае. Вы такую нянавісць распальваеце ў людзей, такую злосць, што вы калі-небудзь пажняце, пажняце плады... плады гэтай нянавісці, якую вы распалілі", — вось адно з выказванняў Ціханоўскага.
Блогер сцвярджае, што ён нават ведае такіх людзей, гатовых учыніць разню. І дадаў, што незалежныя СМІ змагаюцца за лайкі ў сацсетках і прагляды:
"І можа, вось гэтыя людзі, якія сядзяць (а я не аднаго такога чалавека ведаю) — можа быць, яны “Шарлі” потым і ўчыняць там у гэтай рэдакцыі?
Вось яны пра гэта не думаюць зусім, таму што вось гэтая злосць, нянавісць, вось гэты градус, які будзе нарастаць — ён ужо і так вось тут ужо ў нас, ва ўсіх, у эміграцыі, але ён яшчэ нарастае дзякуючы ім. Таму што яны з рэжымам не змагаюцца. Яны змагаюцца за лайкі, за прагляды. Вось за што яны змагаюцца.
Вось і “Шарлі” — гэта цалкам рэальна яны могуць атрымаць. Цалкам. То-бок знойдзецца нейкі вар'ят, які, начытаўшыся гэтых “Жоўтых Ніваў”, рэальна паверыць, што ён вар'ят і губляць яму няма чаго, адчаіцца, увойдзе ў рэдакцыю туды і ўчыніць ім там “Шарлі”, разумееце? Гэта цалкам магчыма, сябры".
Ці можа хто-небудзь з гледачоў стрыму ўспрыняць як заклік да агрэсіі, уласна, словы Ціханоўскага? Падобна да таго, што яго гэта ўвогуле не хвалюе.
Сяргей Ціханоўскі незадаволены працай незалежных беларускіх СМІ. Пасля таго, як у "Нашай Ніве" выйшаў артыкул пра святкаванне яго дня нараджэння ў ЗША, ён заклікаў дасылаць яму спасылкі на артыкулы, дзе журналісты парушаюць этычныя нормы. Пры гэтым сам Ціханоўскі неаднаразова пакідаў супрацоўнікам медыяў абразлівыя каментары ў сацсетках.